Хоцімск . Сабор Троіцы Святой
2006.08
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Святой Троіцы

   На вул. Кірава. Пабудавана ў 1861 г. з цэглы, рэканструявана ў канцы 1960-х гг. пад раённы Дом культуры (перакрыты 2-і паверх). Адноўлена ў 1990-я гг.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак цэнтральнай крыжовай кампазіцыі: да кубападобнага цэнтральнага аб'ёму далучаны аднолькавыя аб'ёмы бакавых прыдзелаў і прытвора, паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі. Крылы храма накрыты пакатымі 2-х схільнымі дахамі. Цыбулепадобныя купалы на шатрах 8-гранных барабанаў завяршаюць вуглы і 4-схільны дах асноўнага аб'ёму, шацёр званіцы. У дэкоры фасадаў выкарыстаны элементы старажытнарускага царкоўнага дойлідства: атынкаваныя фасады апяразаны прафіляваным карнізам, крапаваны аркатурнымі фрызамі, надваконнымі броўкамі і арачнымі нішамі.

   Унутры малітоўная зала падзелена на 3 нефы 4 магутнымі пілонамі, на якія праз ветразевыя скляпенні абапіраецца 8-гранны светлавы барабан з купалам. Нефы, прыдзелы і рызніцы перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі, апсіда — конхай. Перад храмам пастаўлена белакаменная 3-арачная брама.

   Побач з храмам у 1990-я гг. пабудавана капліца ў гонар жыхароў горада, якія загінулі ў гады 1-й сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчынай войнаў.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4