Гарадок . Храм Казьмы і Дзям'яна
2006.11
Гістарычны агляд:

ГАРАДОК. ЦАРКВА СВЯТЫХ КОСЬМЫ І ДАМІЯНА Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1814 г. у в. Гарадок (Глускі р-н) з выкарыстаннем стылізаваных элементаў класіцызму. Будынак (вышыня 22 м) складаецца з прастакутнага асноўнага аб’ёму (32x12 м), пяціграннай апсіды, трох’яруснай званіцы і бабінцу. Накрытая двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай. З боку галоўнага фасаду званіца (васьмярык на чацверыку), завершаная паўсферычным купалам. Над асноўным аб’ёмам — васьмігранны самкнуты купал на гранёным светлавым барабане. Сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, якія абрамленыя ліштвамі з сандрыкамі. Кутнія часткі будынку ўмацаваныя драўлянымі лапаткамі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе стылізаванага порціку. Унутраная прастора царквы развітая па падоўжнай восі. Светлавы барабан з васьмігранным самкнутым скляпеннем падтрымліваецца васьмі слупамі. У дэкоры інтэр’еру шырока выкарыстаная разьба па дрэве. Царква рамантавалася ў 1970-я гады, зараз дзейнічае. В.М. Ладзіс http://szlachta.io.ua/s210577/doylidstva_belarusi._chastka_2_v-gnezna

На заходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1866 г. з дрэва'. Мае мураваную агароджу з 2-слуповай брамай.

Пабудавана ў традыцыях народнага дойлідства з выкарыстаннем стылізаваных элементаў класіцызму. У аснове працяглай падоўжна-восевай кампазіцыі — аднолькавыя па габарытах бабінец і 5-гранная апсіда пад агульным 2-схільным дахам. З карабля храма выступаюць бакоўкі прытвора і прыдзелаў. Сяродкрыжжа завершана магутным 8-гранным светлавым барабанам пад самкнутым паўсферычным купалам. Такое ж пакрыццё над 8-гранным ярусам званіцы, надбудаванай на чацверыку над прытворам. Фасады прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Галоўны ўваход вырашаны 4-слуповым ганкам.

У глыбінна развітай унутранай прасторы пануе падкупальная прастора сярдкрыжжа, перакрытая 8-гранным шатром, абапёртым на ветразі і 8 слупоў. Інтэр'ер дэкарыраваны разьбой па дрэве.

' РДГА, ф. 799, воп. 33, спр. 818, арк. 46.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4