Ануфрыева  . Храм прападобнага Ануфрыя Вялікага
2006.09
Гістарычны агляд:

Царква ў імя святога Ануфрыя

На паўднёвай ускраіне вёскі. Пабудавана з цэглы ў аднайменным манастыры, заснаваным у 1407 г. мсціслаўскім князем Сямёнам Лугвенам (паводле іншых звестак, заснаваны ў 14 ст. князем Юрыем Смаленскім). У храме захоўваліся партрэты сына Сямёна Юрыя і яго жонкі Сафіі. У 17 ст. пераведзена ў унію, у 1836 г. зноў праваслаўная, прыходская «для пахатных      салдат» ваенных пасяленняў. Ад буйнога архітэктурнага асамбля захаваліся Ануфрыеўская царква 2-й палавіны 18 ст. (у аварыйным стане) і «цёплая» царква 19 ст., перабудаваная ў школу.   Помнік архітэктуры позняга барока. Выцягнутая па падоўжнай планіровачнай восі, узнятая на высокі руставаны цокаль пабудова, накрытая агульным 2-схільным дахам. Аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і высокай 5-яруснай 4-граннай вежай-званіцай пад маленькім шатром; ярусы вылучаны развітымі карнізамі і крапаваны вуглавымі пілястрамі.

Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і падвойнымі пілястрамі ў прасценках і па вуглах, апяразаны прафіляваным карнізам. Тры ўваходы ў ніжнім ярусе вежы вылучаны арачнымі парталамі.Аконныя праёмы фасадаў лучковыя, вежы — арачныя.

Прастора малітоўнай залы перакрыта цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках і распалубках. У тоўшчы франтальнай фасаднай сцяны вітая лесвіца на хоры, якія падтрыманы 2 парамі калон. Каланадай вулучана і апсіда.

 

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.