Казяны. Храм Духа Святога
2007.07
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана на мяжы 19 — 20 ст. (да 1903 г.) з цэглы. Закрыта з 1967 г. Да 1990-х гг. знаходзілася ў спустошаным паўзруйнаваным стане. Адноўлена. У 1686 г. падкаморы літоўскі Ф.Я.Пац перадаў частку сваіх уладанняў віленскім бенедыкцінкам, якія пабудавалі тут драўляную уніяцкую Духаўскую царкву (існавала ў 1800).

   Помнік архітэктуры неарускага стылю. Чатырохчасткавую кампазіцыю фарміруюць 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца, прамавугольная трапезная, кубападобная малітоўная зала, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. На чырвоным фоне цаглянай муроўкі вылучаны атынкаваныя і пабеленыя элементы насычанага архітэктурнага дэкору: ліштвы арачных аконных праёмаў, аркатурныя фрызы, вуглавыя лапаткі. У сілуэце пануюць цыбулепадобны купал над асноўным аб'ёмам і макаўка над званіцай.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.