Новы Свержань. Храм Успення Божай Маці
2006.04
Гістарычны агляд:

НОВЫ СВЕРЖАНЬ. ЦАРКВА ЎСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ Помнік дойлідства ранняга барока. Заснаваная ў 1590 г. у в. Новы Свержань (Стаўбцоўскі р-н), у пачатку XVII ст. перабудаваная як уніяцкая. Уяўляе сабой мураваны аднанефавы аднавежавы храм (у плане — выцягнуты прастакутнік) з прастакутнай апсідай і дзвюма нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прастакутным бабінцам узвышаецца масіўны чацвярык вежы, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць вокны. Вянчае вежу фігурная барочная галоўка. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёныя паўцыркульнымі вокнамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкаратыўны элемент фасаду — партал бакавога заходняга ўваходу. Інтэр’ер зальнага тыпу. У паўночнай частцы асноўнага аб’ёму вылучаны бабінец з двума бакавымі ўваходамі. Хоры падтрымліваюцца дзвюма драўлянымі калонкамі. Перакрыцце бэлечнае з плоскай падшыўной столлю. Уваход з паўночнага боку. Алтарная частка перабудаваная ў ХІХ ст. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння. У.В. Трацэўскі http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы

   У цэнтры вёскі. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. як мураваны касцёл пры заснаваным у 1743 г. князем Міхаілам Радзівілам базыльянскім кляштары на месцы драўлянай царквы 1590 г. Пасля скасавання ордэна ў 1833 г. пераасвячона ў праваслаўны храм'. Да 1980-х гг. не дзейнічала.

   Помнік архітэктуры барока. Храм складаецца з прамавугольнай у плане малітоўнай залы і кубападобнай апсіды з нізкімі бакавымі рызніцамі. Над фасадам надбудавана 4-гранная вежа-званіца з фігурным барочным купалам і арачнай крапоўкай па гранях. Вальмавы дах апсіды завершаны макаўкай. Плоскасныя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі. Арачны ўваход створаны з бакавога заходняга фасада і вырашаны пілястравым парталам.

   Зала перакрыта плоскай столлю, пры ўваходзе — галерэя хораў на 2 драўляных калонках. Унутры апсіду вылучаў 1-ярусны іканастас на 17 абразоў. Адасоблена ад царквы ў бутавую агароджу ўбудавана брама-званіца.

  ' Описание церквей и приходов Минской епархии. Минский уезд. Мн., 1878. С. 109.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4