Орша. Храм Святой Троіцы
2010.08
Гістарычны агляд:

Аршанскі Куцеінскі манастыр у гонар Богаяўлення (вул. Ф.Скарыны, 79). Заснаваны ў 1623 г. як праваслаўны мужчынскі манастыр на землях, ахвяраваных шляхецкім родам Сцяцкевічаў. Размешчаны ў Куцейне — паўночна-заходняй ускраіне Оршы ў сутоках рэк Дняпро і Куцеінка. Драўляны Богаяўленскі сабор пачаў будавацца ў 1623, асвячоны ў 1635 г. мітрапалітам Пятром Магілам. Быў пяцікупальным, са шмат`ярусным разным іканастасам. Сцены ўпрыгожвалі роспісы з выявамі 38 сюжэтаў Новага Запавета. Сабор меў два паверхі і склеп-пахавальню. Манастырскі храм у гонар Святой Троіцы [4]Другая царква, у гонар Святога Духа, узведзеная ў першай палове 17-га ст., таксама была драўлянай, двухпавярховай. Пасля рэканструкцыі 1868 г. была пераасвячона ў гонар Святой Троіцы. Пры манастыры працавалі школа для дзяцей прыхаджан, шпіталь, а таксама арцель мастакоў-іканапісцаў, якія мелі тут сваю школу. У 1630 г. беларускі асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры друкарню. Тут ён выдаў: “Брашно духовное” (1630), ”Буквар”, “Малітваслоў” (1631), “Часаслоў” (1632), “Новы Закон з псалтыром” (1632) і інш. У 1655 г. у час вайны друкарня была перавезена ў Расію, у Іверскі манастыр пад Ноўгарадам. Богаяўленскі сабор згарэў ад удару маланкі ў 1892 г. На тэрыторыі манастыра быў старажытны пячорны манастыр і царква. Знайшлі яго манахі ў 1910—1912 гг. Вялікая пячора мела 11 кв. м., а таксама шмат нішаў і падземных пераходаў. Быў знойдзены драўляны крыж, замацаваны камянямі. Другі раз пячоры даследаваліся ў 1926 г. Інбелкультам, выяўлены два калідоры, шматлікія пячоры і нішы. Быў зняты план і надрукаваны ў часопісе “Наш край”. Цяпер пячоры засыпаны. Манастыр дасягнуў росквіту ў першай палове 17-га ст., меў статус лаўры, яму падпарадкоўваліся манастыры на беларускіх і часткова літоўскіх землях. У час руска-польскай вайны 1654—1667 гг. загадам патрыярха Нікана частка браціі, кнігадрукары і рамеснікі пераведзены ў Валдайскі Іверскі манастыр. З больш чым 200 насельнікаў тут засталося толькі 60. Манастыр быў разграблены французскім войскам у 1812 г. Закрыты пасля 1917. Захаваліся царква ў гонар Святой Троіцы, манастырскі будынак, частка сцяны. Манастыр адроджаны ў 1992 г. У 1998 г. на сцяне манастырскага храма ўстаноўлена памятная дошка ў гонар друкара Спірыдона Собаля (скульптар І. Голубеў).

http://sppsobor.by/bractva/vilna/publish/belcalendar/9720/print/

Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр

   На паўднёвай ускраіне горада, на вул. Скарыны (у старажытнасці Куцеінская слабода) , на маляўнічым мысе пры зліцці рэк Куцеінкі (перасохла) і Дняпра. Адзін з буйнейшых культурна-асветніцкіх цэнтраў на тэрыторыі Берарусі, цэнтр беларускага кірылічнага кнігадрукавання 17 ст. Заснаваны ў 1623 г. мсціслаўскім падкаморыем Б. Статкевічам-Заверскім і яго жонкай А. Саламярэцкай пасля скасавання ў Магілёве шэрагу праваслаўных цэркваў і Спаскага манастыра на сродкі і паводле хадайніцтва магілёўскага праваслаўнага брацтва. Асвячоны ў 1626 г. кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілам (пры ім налічвалася да 200 манахаў). З манастыром звязана імя славутага грамадска-царкоўнага дзеяча Афанасія Філіповіча.

Манастырскі комплекс складаецца з Богаяўленскага сабора, Свята-Духаўскай царквы, званіцы, жылых і гаспадарчых пабудоў ва ўсходняй частцы (у 19 ст. адзначаюцца амбары, склеп, лядоўня, кучарская, вазоўня, кавальская, пральня, пакоі для прыёму паломнікаў), быў абнесены агароджай-аркатурай з бутавага каменю і цэглы вышынёй да 2,5 м. У 1889 — 90 гг. над паўночнай брамай агароджы замест драўлянай вежы-званіцы, адлюстраванай на малюнку Дз. Струкава, надбудавана мураваная. Пры манастыры меліся шпіталь, брацкая школа і друкарня (заснавана ў 1630 вядомым беларускім асветнікам і кнігадрукаром Спірыдонам Собалем), аптэка, з 1874 г. існавала царкоўна-манастырскае аднакласнае вучылішча. Пры манастыры на р. Куцеінка меўся млын і вапнавы завод.

У 1905 г. быў узведзены 2-і драўляны корпус брацкіх келляў з памяшканнямі для святароў, а ў 1911 г. над брацкай трапезнай надбудавалі 2-і паверх, дзе размясціліся келлі паслушнікаў. Будаўнічым матэрыялам для стварэння манастыра сталі навакольны карабельны хваёвы лес і вапняк. Археалагічны аналіз будаўнічага (цэглы, дахоўкі) і архітэктурна-дэкаратыўнага (кафля расліннага і геральдычнага арнаменту, паліваная плітка) матэрыялу дазваляе зрабіць выснову, што мураваныя збудаванні манастыра былі створаны з велікапамернай цэглы-пальчаткі, пакрываліся плоскай дахоўкай з закругленным краем і, верагодна, зялёнай палівай мясцовай вытворчасці (знойдзены рэшткі горана для абпальвання дахоўкі). Захаваліся мураваныя Свята-Духаўская царква, рэшткі сцяны і жылы будынак.

   У 1620 г. аршанцы атрымалі ад іерусалімскага патрыярха Феафана (прыязджаў у Кіеў) грамату на заснаванне праваслаўнага манастыра. Афіцыйны дазвол на будаўніцтва прыстанка быў выдадзены ў Варшаве ў 1623 г. на імя Б. Статкевіча-Заверскага, яго жонкі, народжанай князёўны Алены, і сына Івана, якія далі ўласную зямлю і грошы на стварэння праваслаўнага прыстанка, а таксама прыпісалі для яго карыстання свае вёскі Паддубцы, Свісцёлкі, Нарэйкава, Слабаду Пяшчанскую, гарадскую слабаду Белькаўшчына. Акрамя самаго Куцейна манастыру належалі сёлы Касценкі, Халмы, зямля ў Тупічоўшчыне. У 1748 г. падстоліна Горват завяшчала манастыру частку маёмасці. Паводле плана генеральнага межавання 1783 г. вядома «мясцовасць Дубкі» -  валоданне «ігумена Куцеінскага манастыра Кірыла з браціяй»; тут выяўлены пячоры. Заснаванне праваслаўнага мужчынскага Куцеінскага манастыра было адмоўна сустрэта каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам, які ў сваёй грамаце ад 18.3.1627 г. падкрэсліваў адсутнасць благаславення на гэтую справу уніяцкага архіепіскапа Антонія Сялявы і ў гэтай сувязі прызначаў штраф у 10000 літоўскіх грошаў. Ён жа абураўся, што аршанскія мяшчане «своеволне упорно з некоторых церквей оршанских звоны операты, начыня церковные, серебреные крыжы, келихи и ризы, лихтары, свечи повыбиравшы, до того Кутейна отпровадили». Прыстанак падпарадкоўваўся мітрапаліту кіеўскаму і патрыярху канстанцінопальскаму. Манастыр меў уладанні ў Магілёве, яго кіраўніцтва курыравала прыпісныя Лукомскі, Міёрскі і іншыя беларускія мужчынскія і жаночыя манастыры. У пачатку свайго існавання называўся лаўрай і, па словах патрыярха Нікона, з'яўляўся «главой» праваслаўнага жыцця на Беларусі: « Слышав Святейший Патриарх, яко близ славного града Орши, еже бысть, глава и начало общему житию, во всей Белой России и Литве созданная обитель, или рощи Лавра великая Святы Богоявления Господня, завомо Кутейно, юже воздвиже боголюбивый иеромонах Иоиль, иже бысть игумен лавры тоя, и нетокмо сию едину, но ины многи своими трудами и потом сооружили и иночествующих множество собра и во своей пастве всех имели, и благочестие во всей Белой России утверждали и удерживали, во время гонения от развращенных униатов» ( з жыцця патрыярха Нікана) . Ігумен ці архімандрыт лаўры кіраваў усімі беларускімі праваслаўнымі манастырамі, а ў трактаце аб вечным міры паміж Расіяй і Польшчай 1686 г. пацвярджаліся правы і свабоды архімандрыі. Але нягледзячы на гэта ў 1695 г. езуіты адабралі ў яе Міёрскі праваслаўны мужчынскі манастыр, а ў 1715 г. князь Лукомскі адабраў і Лукомскі мужчынскі манастыр. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай з пераходам культавых аб'ектаў у распараджэнне Расійскага Свяшчэннага Сінода збяднелы манастыр у 1764 г. пераведзены ў 3-і клас. Тым не менш пры генеральным межаванні 1783 г. манастыру было выдзелена 435 дзесяцін і 3836 кв. сажняў зямлі.

   Манастыр моцна пацярпеў ад напалеонаўскай арміі ў 1812 г., яго гаспадарка была поўнасцю разрабавана. У 1842 г. пакінуты за штатам і прыпісаны да Пакроўскага (былога базыльянскага) манастыра ў Оршы, набыў назву Загарадны. У пачатку 20 ст. з прыездам з Кіева новага ігумена Валянціна «с необходимым числом братии» манастыр стаў «общежительным, с уставом Киевского Свято-Троицкого (Ионина) монастыря». У гэты час манастырскае брацтва налічвала 60 чалавек. Манастыр быў закрыты і заняпаў пасля 1917 г., яго быдынкі выкарыстоўваліся пад жыллё і ў гаспадарчых мэтах. У 1990 г. перададзены праваслаўнай абшчыне, аднавіў сваю дзейнасць у 1992 г. Зараз у стане рэстаўрацыі.

   Царква ў гонар Святой Троіцы (Святога Духа) узведзена ў сярэдзіне 17 ст. з цэглы. У 1869 г. перабудавана (паводле гісторыка І.І.Грыгаровіча, у 1819) і асвячона ў імя Жыватворнай Троіцы. Адрэстаўрыравана ў 1995 г.

   Помнік архітэктуры барока. Манументальны прамавугольны ў плане аб'ём па восі заход — усход пераходзіць у працяглую 5-гранную апсіду з невялікай паўночнай рызніцай. Да франтальнага фасада далучана 4-гранная 2-ярусная вежа-званіца, шацёр якой, як і вальмавы дах апсіды, завершаны макаўкай. Першапачаткова ўсе аб'ёмы мелі самастойныя шатровыя дахі (паводле малюнка Дз. Струкава). У 1880 г. бляшаны шатровы дах асноўнага аб'ёму завершаны цыбулепадобным купалам на 8-гранным барабане. Галоўны і тыльны фасады завершаны барочнымі фігурнымі франтонамі, крапаванымі ў ярусы аркатурамі. Манументальнасць храма ствараецца яго магутным канструкцыйным вырашэннем і характэрнай для ранняга барока стрыманай і лаканічнай пластыкай. Плоскасныя фасады крапаваны буйнымі лапаткамі, расчлянёны 2 ярусамі арачных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах, апяразаны тонкапрафіляваным карнізам.

   Зала і апсіда перакрыты цыліндрычным скляпеннем з падпружнымі аркамі і люнетамі. Апсіду вылучаў 6-ярусны драўляны іканастас, створаны ў 1885 г. разам з перадалтарным настольным плафонам. У інтэр'еры сцены таксама крапаваны буйнымі лапаткамі. У 1762 (1868?) г. прастора малітоўнай залы драўляным перакрыццем была падзелена на 2 паверхі: унізе створаны прастольны храм у гонар Ражджаства Багародзіцы, наверсе — храм у імя святога апостала Андрэя Першазванага. Інтэр'ер упрыгожвала фрэскавая размалёўка, выкананая майстрам Рыгорам, і сюжэт «Супакойванне бурлівага мора» (1690, мастак П. Ігнатовіч). Пасля рэканструкцыі 1869 г. інтэр'ер малітоўнай залы адноўлены ў першапачатковым стане, у манастырскіх мастацкіх майстэрнях (кіраўнік В.В.Жураўлёў) створаны 4-ярусны іканастас і абразы ў ківотах. Царква мела ацяпленне (называлася «цёплай»).

   Жылу корпус. Пабудаваны ў 17 ст. Цяпер дом і службовыя памяшканні архімандрыта. Прамавугольнае ў плане цаглянае 2-павярховае збудаванне: 1-ы паверх мураваны, 2-і драўляны, з'явіўся ў 1866 г. (месціліся пакоі настаяцеля манастыра і канцылярыя, згарэў у 1997). Будынак падзяляўся на 2 часткі: духоўнае вучылішча з вялікай залай-трапезнай (тарцовая прыбудова) і ўсходняе крыло галерэйнай планіроўкі з келлямі. Недзе тут месцілася друкарня Спірыдона Собаля. Стрымана-пластычны раннебарачны характар будынку надаюць аркатура, арачныя нішы, геаметрычныя абломы. Цагляны 1-ы паверх паўнсцю рэканструяваны, амаль поўнасцю перабудаваны і 2-і драўляны паверх. У першапачатковым стане захавалася толькі мураваная тарцовая сцяна, крапаваная арачнымі нішамі, рэшткі фігурных франтонаў, якія мелі паліхромную размалёўку. Побач з корпусам некалі існоваў драўляны будынак брацкіх келляў.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4