Гальшаны. Георгіеўская царква
2007.08
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1901 г. з цэглы. Абкружана канавай агароджай з брамай.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца, трапезная, асноўны аб'ём, 5-гранная апсіда з бакавымі 4-граннымі рызніцамі. У сілуэце будынка дамінуюць цыбулепадобныя купалы над званіцай і 4-схільным дахам асноўнага кубападобнага аб'ёму.

Галоўны ўваход адзначаны буйным парталам з высокім 2-гранным шчытом і арачным праёмам на 2 парах паўкалон. Падобнымі парталамі аформлены бакавыя ўваходы. У люкарне над галоўным уваходам размешчаны абраз «Спас Пантакратар». Лаканічнае дэкаратыўнае ўбранне белакаменных фасадаў абмежавана ажурнымі фрызавымі паясамі з гарадкоў, плоскімі броўкамі арачных аконных праёмаў, вуглавымі лапаткамі, поясам какошнікаў каля аснавання шатра званіцы.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4