Масты. Храм абраза Божай Маці "Усіх Гаротных Радасць"
2015.03 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

Храм іконы Божай Маці «Усіх Гаротных Радасць» г. Масты, быў пабудаваны ў перыяд з 1994 года па 1995 год. Будынак храма агульнай плошчай 570 метраў квадратных і аб'ёмам 6899 м3, умяшчальнасцю 500 чалавек, пабудаваны з сілікатнай цэглы і абліцаваны чырвонай цэглай. У 2002 годзе зроблены рамонт падвальнага памяшкання ў якім ўладкаваная храмавая бібліятэка.

 

У цэнтры горада. Пабудавана ў 1995-1997 гадах з цэглы паводле праекта архітэктара Н. Емельянавай.

Твор архітэктуры, вырашаны ў сталізаваных формах старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Працяглы прамавугольны аб’ём малітоўнай залы пераходзіць у тры паўкруглыя апсіды, па баках далучаны ніжэйшыя прытворы. Да фасада дабудаваны прытвор з высотнай 8-граннай званіцай, завершанай цыбулепадобнай галоўкай на гранёным сферычным купале. Над алтарнай часткай узведзены 8-гранны светлавы барабан з цыбулепадобнай галоўкай. Такія ж меншыя светлавыя барабаны ўзведзены па баках цэнтральнага аб’ёму, у аснаванні даху. Фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і ўваходным парталам. У вугле агароджы пастаўлена капліца – прамавугольны ў плане 2-часткавы аб’ём пад вальмавым дахам з макаўкай.

 

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. –стар. 256-257.