Чаравачыцы. Іаана-Багаслоўская царква
2008.11
Гістарычны агляд:

Пабудавана ў канцы 20 ст. на месцы драўлянага храма 19 ст., разабранага ў 1970-я гг. Худчэй за ўсё царква Параскевы Пятнiцы была самай старажытнай на нашай Кобрыншчыне, бо першы пiсьмовы ўспамiн пра яе датуецца 1417 годам. Пабудавана яна была з дрэва. Вёска Чаравачыцы на той час была водчынай князя Сямёна Кобрынскага. Там таксама знаходзіўся прыгожы палац, які ўзгадваецца ў 1454 годзе, калi жонка Сямёна Ульяна «завещала его своей дочери Анне». З 1795 года вёска знаходзілася ва ўласнасці “генералісімуса” Аляксандра Суворава, пасля 1800 года яго сына генерал-лейтэнанта Аркадзя. Пазней гэты населены пункт набыў багаты памешчык Ян Нямцэвiч. Гэта ён у Чаравачыцах пабудаваў палац, выява якога ёсць на адным з малюнкаў Напалеона Орды. Калi сёння нiхто нават не здагадваецца дзе ў Чаравачыцах стаяла Пятнiцкая царква, то пра царкву Iаана Багаслова захавалася больш інфармацыі. У ўспамiнах святара Нiканора Катовiча, датаваных 1936 годам, чытаем: «У 1782 г. у сяло Чаравачыцы быў прызначаны святаром мой прадзед Пётр Катовiч, па каралеўскаму прывілею за подпiсам караля Станiслава Панятоўскага». Худчэй за ўсё апошні кароль Рэчы Паспалітай прызначыў маладога адукаванага святара ў толькі што пабудаваны храм, які быў асвечаны ў гонар Iаана Багаслова. Вернiкаў у Чаравачыцах было шмат і Пятнiцкая царква ўсiх не змяшчала. Нагадаю, што вёска і царква знаходзіліся на бойкай дарозе, каля паромнай пераправы. Таму вайсковыя баталii нажаль нiколi не мiналi гэтыя мясціны. У 1812 годзе напалеонаўскія жаўнеры запатрабавалі ад святароў ключы ад царквы. Ануфры Катовiч і яго стары бацька Пётр (той, якога прызначыў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскi), ключы не далi, хоць ведалi, што самае каштоўнае з царкоўнага ўбрання ўжо было схавана. Тады “акупанты” пабiлi святых айцоў. Выратаваў Катовічаў аўстрыйскі лекар, які своечасова дапамог няшчасным. А саксонцы (менавіта яны патрабавалі ключы ад храма) царкву так і не адчынілі і хутка рушылі ў накірунку Кобрына. У пiсьмовай даведцы 1851 года чытаем, што на чаравачыцкiх могілках пабудавана каплiца. Сёння захаваўся толькi яе падмурак. У сваю чаргу пра Пятнiцкую царкву «Вiленскi зборнiк» за 1899 г. пiсаў: «Царква з дрэва, са званіцай і агароджай пабудавана невядома кiм i калi. Перабудоўвалася ў 1848 i 1887 гг.». Першая Сусветная вайна таксама закранула Чаравачыцы. Калі летам 1915 года фронт прыйшоў на Беларусь мясцовых жыхароў прымусілі пакінуць родныя мясціны і выехаць у бежанства. Сяло было падпалена казакамі. Але царкву Iаана Багаслова агонь не крануў, бо яна стаяла збоку ад дарогi, ля ракі Мухавец. А вось Пятнiцкая згарэла. Калi у 1918 чаравачыцкi святар вярнууся на радзiму, усё зарасло пустазеллем і хмызняком. Згарэла сядзiба святара, а царква Іаана Багаслова, ці то немцамі, ці то яшчэ кім была разрабавана. “За польскім часам”, і пазней, у Другую Сусветную служба тут не спынялася. Бяда прыйшла ў 1962 годзе. Храм зачынілі. Iконы і іншыя царкоўныя аздабленні забралi. Нешта ўдалося выратаваць вернікам. Так храм з выбiтымi вокнамi стаяў амаль 10 год, да 1972-га калі пажар яго знішчыў. Царква святога Iаана Багаслова ў вёсцы Чаравачыцы была белага колеру, пяцiвугольная, з высокай званiцай. Стаяла на высокiм, каменным падмурку. Сёння пра яе нагадвае толькі той самы падмурак, а яшчэ старыя надмагільныя камяні. Тры гады таму добрыя людзі паставiлі там вялiзарны Крэст. Час змяняецца. У Чаравачацах ля могілак стаiць новая царква Iаана Багаслова. Асвяцiлi яе ў 1995 годзе.

Ніна Марчук, краязнаўца http://www.istpravda.ru/bel/research/8213/

Царква ў імя святога Іаана Багаслова

   На могілках. Пабудавана ў канцы 20 ст. з цэглы на месцы драўлянага храма 19 ст. разабранага ў 1970-я гг.'

   Аб'ёмна-прасторавую сіметрычна-восевую кампазіцыю фарміруюць прытвор-званіца, прамавугольная малітоўная зала, 5-гранная апсіда. Шацёр званіцы (васьмярык на чацверыку) завершаны макаўкай, 4-схільны дах малітоўнай залы — цыбулепадобным купалам на цыліндрычным барабане. Бакавыя фасады расчлянёны на 3 праслы з акруглымі і трохвугольнымі франтонамі і арачнымі аконнымі праёмамі па цэнтры

 ' НГАБ у г. Гродна, ф. 97, воп. 1, спр. 553.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4