Сакалова. Іаана-Прадцечанская царква
2015.09 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

На могілках. Пабудавана ў 1820 г. з дрэва як каталіцкая капліца, якая ў 1864 г. пераасвячона ў праваслаўную царкву.

   Помнік народнага дойлідства. Адназрубны аб'ём накрыты 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай сцяной. У кампазіцыі храма вылучаецца нетрадыцыйна асіметрычна размешчаная ва ўсходняй алтарнай сцяне нізкая рызніца пад вальмавым дахам. Дах над галоўным фасадам прарэзаны 8-гранным барабанам з шатровым верхам і макаўкай у завяршэнні, над алтарнай часткай — такі ж барабан з цыбелупадобнай галоўкай. Фасады вертыкальна ашаляваны, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах і вертыкальнымі сцяжкамі ў прасценках. Рытм галоўнага фасада ствараюць трохвугольныя франтоны галоўнага аб'ёму і прамавугольнага ў плане прытвора.

   У інтэр'еры алтарная частка вылучана драўляным іканастасам, выкананым у 1865 г. Абразы 18 — 19 ст.: «Святы Георгій», «Маці Божая Адзігітрыя», «Укрыжаванне з прадстаячымі», «Ісус Хрыстос», «Архангел Міхаіл», «Аляксандр Неўскі», «Тайная вячэра», «Маці Божая Знаменне», абраз-таблетка «Маці Божая Адзігітрыя і Мікалай Цудатворац».

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4