Адахаўшчына  . Ільінская царква
2007.06 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Святога прарока Іллі знаходзіцца ў вёсцы Адахаўшчына 1-я Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пабудавана ў 1996 з цэглы і бетону. Маюцца 2 прыпісныя капліцы ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Дубава і ў гонар Усіх Святых у в. Залюбічы. Вырашана ў традыцыях стылізаванага старажытнарускага храмавага дойлідства. У аснове цэнтрычнай кампазіцыі - кубападобны паўсферычна-купальны аб'ём. Элемент асіметрыі ўносіць паўкруглая апсіда пад пакрыццём.

Першае апісанне драўлянай Свята-Ільінскай царквы ў вёсцы Адахаўшчына маецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Царква была пабудавана па фундацыі паноў Адахаўскіх. Святаром прыходу быў Самуэль Савіч. Прыход аб’ядноўваў 573 прыхаджан.

Згодна з апісаннем 1864 года ў сяле Адахаўшчына мелася Свята-Троіцкая царква, чацьвёртага класа драўляная царква. Пры ёй меліся прыпісная Крышынская царква і могілкавая драўляная капліца. У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Ільінская царква, пабудаваная ў 1866 годзе на сродкі ўрада, за чвэрць вярсты ад вёскі. Царква была пабудавана падоўжаным крыжам з адным глухім цыбулепадобным купалам і званіцай у франтоннай частцы. Дах гонтавы, вокны размешчаны ў два рады, ніжнія з жалезнымі кратамі, мелася двое дзвярэй. Сцены і дах царквы звонку былі пафарбаваны алейнай фарбай. Унутры царква мела драўляны пол, столь падшыта дошкамі. Драўляны іканастас быў пафарбаваны ў сіні колер, з пазалочанымі карнізамі і рамамі, складаўся з 5 абразоў, размешчаных ў адзін рад. На званіцы было чатыры званы вагою ў 5, 3, 2, і 1 пуд. У вёсцы Адахаўшчына мелася адна могілкавая царква.

Настаяцелем храма з 1858 года быў Антоній Плаўскі. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Адахаўшчына, Лозкі, Заброддзе, Лаўрынавічы, Якімовічы, Дубава, Альсевічы, Дуброўна, Крашын, Залюбічы.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Свята-Ільінскай царквы вёскі Адахаўшчына: Якаў Беладанаў (1889-1893), Васіль Лісоўскі (1898-1908), Філіп Лісоўскі (1910-1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

 

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – 656 с.

«Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 – 1682 гг.» / Укладальнік Д.В.Лісейчыкаў. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2009. – 270 с., стар. 133-134.

Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.

Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.

 (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)