Нарач. Ільінская царква
2007.07 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Царква ў імя саятога прарока Іліі

   У цэнтры вёскі, Акаймавана бутавай агароджай з цаглянай брамай. Пабудавана ў 1860-я гг. з бутавана каменю і цэглы. Да 1990-х гг. не дзейнічала.

   Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак 4-часткавай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі: 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках), прамавугольная ў плане трапезная, кубападобны аб'ём малітоўнай залы, паўкруглая апсіда. На фоне бутавай муроўкі сцен вылучаюцца пабеленыя эдементы архітэктурнага дэкору: лапаткі, кілепадобныя ліштвы арачных праёмаў. Прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, круглыя разеткі з крыжамі, «ізумрудны» руст. Шатровыя дахі званіцы і асноўнага аб'ёму завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі. Галоўны ўваход вырашаны магутным парталам з кілепадобнай аркай на 2 калонах, бакавыя прамавугольныя ўваходныя праёмы аформлены прафіляванымі арачнымі парталамі з круглымі разеткамі. Мастацкі эфект будынка ствараецца буйнамаштабнай бутавай муроўкай шэраружага колеру з запаўненнем вапнавых швоў дробнымі каменчыкамі, а таксама спалучэннем гэтакай паліхроміі з атынкаванымі элементамі архітэктурнага дэкору.

   Унутры памяшканні храма аб'яднаны ў агульную прастору шырокімі арачнымі прасветамі. Мастацкім акцэнтам інтэр'ера з'яўляецца драўляны разны 2-ярусны іканастас — твор народнага прыкладнога мастаціва мяжы 19 — 20 ст. У скразную арнаментальную разьбу царскіх варот укампанаваны абразы-тонды евангелістаў.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4