Орша. Ільінская царква
2010.08
Гістарычны агляд:

ВОРША. ЦАРКВА СВЯТОГА ПРАРОКА ІЛЛІ Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная з цэглы ў 1880 г. (на месцы царквы 1460 г.), на левым беразе Дняпра. Тэрыторыя царквы абнесена мураванай агароджай, куты якой умацаваныя контрфорсамі, дэкаратыўнымі вежачкамі. З боку вул. 2-й Лагернай манументальная брама. Храм падоўжна-восевай чатырохчастковай кампазіцыі: званіца, кароткая трапезная, кубападобны асноўны аб’ём з бакавымі прыдзеламі, пяцігранная апсіда з нізкімі рызніцамі. Асноўны аб’ём накрыты шатровым дахам з поясам какошнікаў па перыметры і васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам у завяршэнні. Такой жа формы купалкі на стройных шыйках завяршаюць трох’ярусную шатровую званіцу і дах апсіды. Размешчаныя ярусна як і рознавялікія аб’ёмы царквы, яны надаюць кампазіцыі вертыкальную дынамічнасць. Фасады насычаныя актыўнай пластыкай, запазычанай у старажытнарускім дойлідстве: какошнікі, кілепадобныя і арачныя з вытанчанымі калонкамі ліштвы адзінарных прастакутных і строеных арачных праёмаў, філёнгавыя вуглавыя лапаткі і фрызы. Зала перакрытая паўсферычным купалам. Драўляны разны іканастас мае царскія вароты высокамастацкай работы ў стылі ракако. Царква дзейнічае.

А.М. Кулагін http://szlachta.io.ua/s210577/doylidstva_belarusi._chastka_2_v-gnezna

Царква ў імя святога прарока Іліі

   На вул. Ільінскай, на левым беразе Дняпра. Пабудавана ў 1880 г. з цэглы на месцы папярэдняга аднаіменнага драўлянага храма 1460 г., пабудаванага (па паданні) па загадзе вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра ІV. У 1505 г. пасля пажару на яе месцы збудавана новая драўляная царква, якая існавала да будаўніцтва існуючага мураванага храма. Царква абслугоўвала прыход Ільінскай слабады ў паўднёва-ўсходняй частцы Задняпроўя. У падмурак агароджы закладзены вялікі камень з надпісам, датаваным 2-й палавінай 17 ст. Св. Сінод прыняў рашэнне аб стварэнні пры храме сястрынства ў імя прарока Іліі, якое павінна было стаць асновай для аднаўлення існаваўшага тут Успенскага жаночага манастыра. У 1884 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. Царкоўны двор абнесены мураванай агароджай з манументальнай брамай, контрфорсамі і дэкаратыўнымі вежачкамі.

   Помнік архітэктуры маскоўска-яраслаўскага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Кананічную 4-часткавую кампазіцыю царквы фарміруюць прытвор-званіца, трапезная, малітоўная зала, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Маляўнічы сілуэт збудавання фарміруюць узняты на каскад какошнікаў цыбулепадобны купал над цэнтральным кубападобным аб'ёмам, 2 макаўкі над шатром васьмерыка званіцы і шматгранным дахам апсіды. Уваход вылучаны традыцыйным для рускага храмавага дойлідства 17 ст. 4-слуповым рундуком, завершаным гранёным шатром з макаўкай. У насычанай архітэктурнай пластыцы выкарыстаны старажытнарускія дэкаратыўныя формы — кілепадобныя, пластычна насычаныя ліштвы арачных праёмаў, набраныя квадратнымі шырынкамі фрызы і вуглавыя лапаткі, шматлікія філёнгі і раскрапоўкі, зубчастыя гарадковыя фрызы, гарэльефныя крыжы, вылучаныя на белым фоне сцен блакітнай афарбоўкай. Прастора інтэр'ера мае выцягнутую падоўжна-восевую будову — прытвор, трапезная, малітоўная зала, апсіда.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4