Іжа. Іосіфаўская царква
2007.07
Гістарычны агляд:

На могілках. Пабудавана ў 1922 — 29 гг. з дрэва на месцы храма 19 ст. (да 1890), рэканструявана ў пачатку 21 ст.

   Твор архітэктуры ў стылізаваных формах царкоўнага дойлідства 2-й паловы 19 ст. Трохчастковую кампазіцыю фарміруюць 3-ярусны (васьмярык на 2 чацверыках) прытвор-званіца, прамавугольная ў плане малітоўная зала і апсіда. 2-схільны дах завершаны па цэнтры высокім цыліндрычным барабанам з цыбулепадобным купалам. Фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Уваход аформлены 2-слуповым ганкам пад 2-схільным пакрыццём.

   Папярэдні храм з'яўляўся творам народнага драўлянага дойлідства з асацыяцыйнымі рысамі гатычнай архітэктуры. Вертыкальнасць кампазіцыі надавалі бакавыя чацверыковыя вежы франтальнага фасада, высокі франтон 2-схільнага даху паміж імі, вертыкальная шалёўка фасадаў і вежаў, прапарцыянальныя суадносіны вышыні зруба і даху (1:1). Строгасць і выразнасць будынка былі абумоўлены адсутнасцю дэкору. Адзінай пластычнай формай з'яўляліся цыбулепадобныя галоўкі над сферычнымі купаламі вежаў. Перад царквой стаяла мураваная брама ў выглядзе 2 адасобленых пілонаў, 1-ы ярус якіх меў арачны праход, 2-і - адкрытую слуповую галерэю-званіцу пад вальмавым гонтавым дашком.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.