Гарадзілава. Іосіфаўская царква
2006.06
Гістарычны агляд:

Каля могілак. Пабудавана ў 1866 г. з цэглы і бутавага каменю. На царкоўны пляц вядзе мураваная арачная брама.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Аднанефавы храм. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя падоўжна-восевая, уключае 2-ярусную шатровую вежу-званіцу (васьмярык на чацверыку), кароткую трапезную, прамавугольны ў плане асноўны аб'ём, паўкруглую апсіду. З паўночнага боку апсіды невялікая прыбудова рызніцы. Асноўны аб'ём накрыты 4-схільным дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Багатую фактуру фасадам надае спалучэнне неатынкаванай муроўкі з часанага бутавага каменю і атынкаваных і пабеленых элементаў архітэктурнага дэкору (вуглавыя лапаткі, аркатурныя паясы, карнізы, ліштва арачных аконных праёмаў).

Зала перакрыта плоскай столлю, асвятляецца бакавымі спаранымі аконнымі праёмамі. Прастора апсіды вылучана шырокім арачным прасветам і драўляным іканастасам.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4