Мінск. Аляксандра-Неўская царква
2011.04 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1898 г. на Вайсковых могілках як храм-помнік у гонар перамогі ў руска-турэцкай вайне 1877—78 гг.. Мураваны крыжова-купальны чатырохслуповы трохнефавы храм з трохграннай апсідай. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, у цэнтры якой узвышаецца масіўны купал на васьмігранным барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Дамінантай кампазіцыі з’яўляецца высокая двух'ярусная званіца з шатровым пакрыццём, размешчаная над бабінцам. Багатую пластыку фасадам царквы надаюць аркатурныя паясы, складаныя дэкаратыўныя арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, разеткі, складана-прафіляваны карніз, арнаментальны фрыз. У інтэр’еры цэнтральны неф раскрываецца ў бакавыя арачнымі праёмамі. У бабінцы пры ўваходзе ў цэнтральны неф — мемарыяльныя дошкі з імёнамі воінаў-беларусаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палку, якія загінулі пад Плеўнай (Балгарыя). Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

Т.I. Чарняўская

http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

На вул. Даўгабродскай, на Вайскавых могілках. Пабудавана ў 1896 — 98 гг. з цэглы паводле праекта мінскага епархіяльнага архітэктара В.І.Струева ў гонар перамогі рускіх войск у руска-турэцкай вайне 1877 — 78 гг.; асвячона 2.21898 г. епіскапам Мінскім і Тураўскім Сімяонам.

Храм да 1910 г. належаў ваеннаму ведамству, пасля стаў прыходскім. У 1932 г. храм з прыходскага быў ператвораны ў прыпісны да Кацярынінскага сабора. Пазней паводле загада ўлад храм перададзены «абнаўленцам», з-за чаго страціў большасць прыхаджан, якія сталі наведваць царкву на Козараўскіх могілках. З чэрвеня 1941 г. дзейнічае. У 1982 — 83 гг. пад кіраўніцтвам айца Віктара Бакарэвіча праведзены рэстаўрацыйныя работы, выкананы і ўзняты на пазалочаныя купалы новыя крыжы. 25.9.1998 г. храм наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Аляксій ІІ.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана крыжова-купальнай кампазіцыяй: прытвор-званіца, кубападобны аб'ём малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Пакаты 4-схільны дах асноўнага аб'ёму завершаны 8-гранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам. Макаўкамі на гранёных шыях завершаны шацёр званіцы і вальмавы дах апсіды. Цагляная архітэктура храма насычана атынкаванымі элементамі старажытнарускага царкоўнага дойлідства — кілепадобнымі какошнікамі, зубчастымі фрызамі, шырынкамі, пластычнымі ліштвамі арачных аконных праёмаў, разеткамі, вуглавымі калонкамі.

Унутры апсіды вылучана іканастасам і 3 паўкруглымі прыступкамі. Чатыры магутныя пілоны і перакінутыя цераз іх падпружныя аркі нясуць светлавы барабан. Маюцца 2 прыдзелы — галоўны ў гонар святога благавернага князя Аляксандра Неўскага і правы — у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы (уладкаваны протаіерэем Мікалаем Цісельскім у знак удзячнасці за выратаванне народа ў вайне).

Пры ўваходзе ў прытвор размешчаны мемарыяльныя дошкі з імёнамі 118 воінаў-беларусаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, які гераічна загінулі пад Плеўнай (Балгарыя). У храме захоўваюцца ваенныя рэліквіі: паходная царква палкавыя харугвы 119-га Каломенскага паходнага палка. За алтарнай сцяной знаходзяцца пахаванні вышэйшых афіцэрскіх чыноў, а непадалёк — 2 брацкія магілы воінаў.

Шануецца копія абраза Мінскай іконы Маці Божай і святога Мікалая Цудатворца. У ківоце правага прыдзела знаходзіцца абраз Спаса Нерукатворнага, аўтарам якога з'яўляецца рускі жывапісец М.Ге. У 1985 г. інтэр'ер храма пакрыты фрэскавай размалёўкай з выявамі Уваскрасення і Узнясення Гасподняга, абразамі беларускіх святых Кірылы Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай, Афанасія Брэсцкага (Філіповіча). Пад царкоўным будынкам сутарэнні, якія ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1944 г. сталі сховішчам для часткі мінчан ад вывазу ў Германію.

У 1991 г. побач з храмам збудаваны царкоўны дом, прызначаны для хрышчэння, заняткаў у нядзельнай школе. Над будынкам зроблена званіца. Памяшканні 2-га паверха размаляваны на сюжэты Богаяўлення, Ражджаства Хрыстовага, Хрышчэння Русі.

А.М. Кулагін "Праваслаўныя храмы Беларусі" (2007)