Сталовічы. Аляксандра-Неўская царква
2007.08
Гістарычны агляд:
Помнік архітэктуры стылю Віленскага барока. У 1639 годзе па загаду камандора мальтыйскага ордэна З.К. Радзівіла пабудавана мураваная Ларэтанская капліца. У 1740 годзе паводле праекта архітэктара І. Фантана ІІІ пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, у агульны аб’ём якога капліца ўключана як прэсбітэрый. У 1743 годзе архітэктар І.К. Глаўбіц дапрацаваў праект і закончыў будаўніцтва касцёла. Касцёл пачаў дзейнічаць ў 1746 годзе. У 1863 годзе касцёл перабудаваны ў праваслаўную Успенскую царкву – трохнефавую базіліку з больш нізкімі прэсбітэрыем і сакрысціямі. Галоўны фасад складанай прасторава-аб’ёмнай кампазіцыі з 2 вежамі па баках падзелены раскрапаванымі антаблементамі на тры ярусы. Яго асноўны дэкаратыўны матыў – слаістыя пілястры. Уваход падкрэслены 4 паўкалонамі. Бакавыя фасады раскрапаваны пілястрамі. Высокія аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі аздоблены ляпнымі абрамленнямі. Інтэр’ер падзелены двума радамі слупоў на тры нефы. Цэнтральны перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на падпружных арках, завершаны трох’ярусным алтаром і злучаны з Ларэтанскай капліцай. Бакавыя нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі, завершаны двух’яруснымі алтарамі. Пры ўваходзе ў царкву невялікі тамбур. Хоры падтрымліваюць дзве калоны. Дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера (архітэктар І.К. Глаўбіц) выканана ў тэхніцы стука. Першы ярус галоўнага алтара аформлены спаранымі калонамі карынфскага ордэра і развітым антаблементам, у другім ярусе вертыкальны рытм калон паўтараюць пілястры з раскрапаванымі карнізамі, трэці ярус завяршае кампазіцыю алтара глорыяй. У цэнтры алтара над дзвярамі барочны картуш з рэльефнай выявай адсечанай галавы Іаана Хрысціцеля. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння. Першае апісанне драўлянай Свята-Успенскай царквы ў вёсцы Сталовічы змешчана ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Згодна з апісаннем 1864 года ў мястэчку Сталовічы (Стваловічы) мелася Свята-Успенская, чацвёртага класа драўляная царква. У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года ў мястэчку Сталовічы згадваецца ўжо Свята-Аляксандра-Неўская царква, перабудаваная ў 1868 годзе з каталіцкага касцёла. На пераабсталяванне было выдаткавана 9000 рублёў аднак праца яшчэ не была завершана. На будынку былі ўсталяваны пяць глухіх цыбулепадобных купалоў і званіца ў франтоннай частцы. Дах і купалы былі бляшанымі, крыжы пазалочаны. Царква мела тры алтары: галоўны ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, другі прыдзельны ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы, трэці, таксама прыдзельны, на той час яшчэ не быў асвечаны. Усе тры іканастасы былі пафарбаваны ў белы колер з залачонымі карнізамі, рамамі і разьбою. Галоўны іканастас складаўся з 22 абразоў, размешчаных ў 4 рады, а прыдзельныя іканастасы налічвалі па 11 абразоў, размешчаных у 2 рады. На звоніцы было сем званоў. Прыпісных і могілкавых цэркваў у прыходзе не было. У склад прыходу ўваходзілі вёскі Сталовічы, Палянічыцы, Дамашэвічы, Драгабыль, Цюкантавічы, Заполле, Навікі, Гацішчы, Тодараўцы, Навасёлкі, Арабаўшчына, Калдычэва, Мядзеневічы, Міхнаўшчына, Завоссе, Войкавічы, Мелехавічы, Уласы, Торчыцы, Судары, Загор’е. Настаяцелем храма быў протаіерэй Іосіф Турцэвіч, рукапаложаны ў 1843 годзе (служыў у царкве да 1893 года). Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча. У Памятных кніжках Мінскай губерніі захаваліся імёны яшчэ некаторых святароў Свята-Аляксандра-Неўскай царквы вёскі Сталовічы: Мікалай Каранцэвіч (1894), Міхаіл Квачэўскі (1898-1913), Рыгор Ждановіч (1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі). "Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 – 1682 гг." / Укладальнік Д.В.Лісейчыкаў. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2009. – 270 с., стар. 125-126. "Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", Мінск, 1993г. Т.І. Чарняўская, М.М.Яніцкая (стар. 456-457). Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 647. Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213. Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879. Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады. (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)