Кобрын. Аляксандра-Неўскі кафедральны сабор
2008.11
Гістарычны агляд:

Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага, помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны на брацкай магіле некалькі соцень рускіх салдат, якія загінулі ў час вайны 1812 года. Сабор пабудаваны на сродкі, сабраныя ў выглядзе кантрыбуцыі з ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Да закрыцця храма ў 1963 годзе на фасадзе былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі з надпісам: “Под сенью сего святого храма покоятся кости русских воинов-героев, павших в Кобринском бою 15 июля 1812 года; Сей святой храм сооружен в пам'ять освобождения крестьян от крепостной зависимости 19 февраля 1861 года”.

“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 246

Сабор у імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага

   На вул. Леніна. Пабудаваны ў 1864 — 68 гг. з цэглы ў гонар адмены прыгоннага права, побач з брацкай магілай рускіх воінаў, што загінулі ў час Кобрынскага бою 15.7.1812 г., у памяць пра іх на саборы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Праект і каштарыс складзены губернскім архітэктарам І.Калянкевічам і ўхвалены ў 1864 г. У 1960-я гг. сабор закрыты і прыстасаваны пад філіял Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. 12.9.1990 г. ў дзень памяці Аляксандра Неўскага сабор асвячоны. Адрэстаўрыраваны ў 1990 — 93 гг.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю з рысамі класіцызму. Асноўны аб'ём крыжова-цэнтрычны, завершаны магутным васьмерыковым барабанам, а ў апошнія гады — маляўнічым 5-купаллем на шатрах. Да планіровачнага крыжа далучаюцца працяглы прытвор з вуглавымі прыдзеламі і прамавугольная апсіда з бакавымі невялікімі квадратнымі рызніцамі. Плоскасныя фасады завершаны трохвугольнымі франтонамі, крапаваны вуглавымі лапаткамі і прамавугольнымі панэлямі, апяразаны фрызамі з шырынак, арачныя аконныя праёмы акаймаваны архівольтамі. Галоўны ўваход аформлены накладным магутным парталам з лучковым франтонам і арачнай ліштвой увахода.

    У сяродкрыжжа залы шырокімі прасветамі адкрываюцца апсіда, прыдзелы і трапезная. Сяродкрыжжа перакрыта купалам на ветразях, астатнія памяшканні — цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках. У саборы быў мясцовашанаваны абраз «Маці Божая», перанесены са старажытнай Свята-Прачысценскай царквы г. Кобрына.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.