Пружаны . Аляксандра-Неўскі сабор
2008.11
Гістарычны агляд:

ПРУЖАНЫ. САБОР АЛЯКСАНДРА НЕЎСКАГА Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1866 г. у г. Пружаны на рагу вул. Камуністычнай і Савецкай пл. Прастакутная ў плане мураваная трохнефавая васьміслуповая базіліка з паўавальнай трох’яруснай апсідай, вырашанай у другім і трэцім ярусах як ратонда і завершанай купалам. Галоўны фасад вылучаны яруснай вежай-званіцай (у ніжнім ярусе — тамбур з двума памяшканнямі абанал яго і хоры). Сцены дэкарыраваныя пілястрамі, шырокімі прафіляванымі антаблементамі. Вокны арачныя і круглыя (у верхнім ярусе ратонды). Парталы галоўнага і бакавых уваходаў падкрэсленыя плоскімі несанраўднымі порцікамі з трохкутнымі франтонамі. Другі ярус ратонды аздоблены нішамі. У інтэр’еры сярэдні неф перакрыты ныліндрычным, больш нізкія бакавыя нефы — крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Крыжовыя ў сячэнні слупы аздобленыя пілястрамі. Алтарную частку аддзяляе разны іканастас з вітымі калонкамі. Сабор дзейнічае.

http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

Сабор у імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага

   На рагу вул. Камуністычнай і пл. Савецкай. Пачаў будавацца ў 1857 г. як касцёл пры дапамозе ўладальніка мясцовага палаца В. Швыкоўскага. Праект складзены архітэктарам Г. Марконі. З-за недахопу сродкаў будаўніцтва было спынена, адноўлена пасля 1863 г. праваслаўным ведамствам. Дабудаваны ў 1864 — 80 гг. з цэглы паводле праекта архітэктара Залатарова'.

   Помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Магутная прамавугольная ў плане 3-нефавая базіліка накрыта 2-схільным дахам. Над прамавугольным аб'ёмам прытвора ўзвышаецца 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца, завершаная сферычным купалам з ліхтаром. Нетрадыцыйна вырашана апсіда храма — 3-ярусны цыліндрычны аб'ём, накрыты сферычным купалам з макаўкай. Верхні ярус светлы, прарэзаны круглымі люкарнамі. Сцены апяразаны шырокім антаблементам, раскрапаваны пілястрамі ў прасценках высокіх арачных аконных праёмаў у кілепадобных ліштвах. Тры ўваходы ў храм вырашаны рызалітамі-порцікамі з трохвугольнымі франтонамі на 2 пілястрах.

   Зала храма 6 магутнымі слупамі падзелена на 3 нефы, перакрытыя цыліндрычным і крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Цэнтральны неф падоўжаны паўкруглай апсідай, вылучанай разным іканастасам з вітымі калонкамі (спраектаваны Залатаровым у 1880). Абразы 18 — 19 ст.: «Успенне Маці Божай», «Архангел Міхаіл», «Увядзенне ў храм Багародзіцы», «Георгій Перамоганосец», напрастольны крыж з эмалямі. У 1891 г. гарадской думай сабору быў ахвяраваны абраз са святымі, аднайменнымі членамі царскай сям'і.

 ' НГАБ у г. Гродна, ф. 8, воп. 2, спр. 241, арк. 4, 22, 64.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4