Гродна. Барыса-Глебская царква
2009.07 Фота Прасольнай В.
Гістарычны агляд:
Гродзенская Барысаглебская царква, Каложская царква, помнік мураванай старажытна-рускай архітэктуры. Адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудавана ў 2-й палове 12 стагоддзя ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэрыторыі былога Каложскага пасада. У пачатку 16 стагоддзя аднаўлялася Богушам Багутовічам і ў 17 стагоддзі, часткова разбурана ў 1853 годзе ў выніку апоўзня, абвалілася ў 1889 (паўднёвая апсіда).Работы па кансервацыі праведзены ў 1910 і 1935, кансервацыйна-рамонтныя – у 1970, 1985-1987. Захаваліся паўночная і частка заходняй сцяны, 3 апсіды і 2 заходнія падкупальныя слупы. Цагляны 6-слуповы, 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шырыня 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Слупы круглыя (дыяметр каля 1,2 м), на прамавугольных цокалях, уверсе паступова набываюць крыжападобную форму. Знешнія пілястры 3-ступеньчатыя, сярэднія выемкі скругленыя. Вуглавыя пілястры заходняга боку скошаны. Сцены кладзены з плінфы памерам 3,5-4х16-16,5х26-28 см у тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Выкарыстана лякальная цэгла са скругляным вуглом, з паўкруглым ўырокім бокам, падобная да трапецыі. На тарцах некаторых цаглін ёсць знакі. У верхняй частцы сцен і ў скляпенні ўмырованы галаснікі. Фасады упрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных аддценняў са шліфаванай знешняй паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй частцы сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1885-1886 знойдзены фразменты фрэсак на ўнутранай сцяне, якія былі выяўлены яшчэ ў 1870 годзе пры пабудове алтарнай перагародкі. Пад слоем грунту былі раскрыты выявы 2 анёлаў. Пры рэканструкцыі размалёўка часткова знішчана, часткова атынкавана. У 1894 годзе У Гразноў знайшоў у правай частцы алтара сілуэты кампазіцыі “Святая тройца”, у сярэдняй частцы – крыж карсунскай формы, уверсе паміж алтарнымі аркамі – выявы сонца і месяца, а таксама звярнуў увагу на наяўнасць галаснікоў у муроўцы царквы і выявіў знакі на цэгле. У 1985-1987 рэстаўратарам В.Р. Слюнчанкам на паўночнай сцяне раскрыта шматарачных праёмаў, выяўлена фрэскавая размалёўка: на праёмах – геаметрычны арнамент (карычнева-чырвоны, фон светлашэра-ружаваты). Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 13 стагоддзі (?) – зпаліваных рэльефных плітак, у 18 ст. – з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 стагоддзя захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храмаскладзены з валноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15-18 стагоддзяў. Царкву даследавалі ў 19 стагоддзі У Гразноў, у пачатку 20 стагоддзя П. Пакрышкін (прапанаваў рэканструкцыю храма), у 1935 Ю. Ядкоўскі, у 1946 І. Хозераў, у 1983-1984 А. Трусаў, П. Рапапорт. У царкве размяшчаўся філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння. ("Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", Мінск 1993, стар. 166-168). Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.