Навагрудак. Барыса-Глебскі сабор
2007.05
Гістарычны агляд:

Помнік архітэктуры 12-17 стагоддзяў. Даследавана П. Рапапортам і М. Каргерам (1961-1962, 1965), А. Кушнярэвічам (1987), А. Трусавым (1988). Спачатку на гэтым месцы ў 1-й палове 12 стагоддзя быў узведзены храм, сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначнымі ўстаўкамі плінфы. Вакол храма крыху пазней была ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі “са схаваным радам”, што характэрна для полацкага дойлідства 12 стагоддзя. Храм быў распісаны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак, квадратных, прамавугольных, і 3-вугольных. Падчас узвядзення яго былі выкарыстаны галаснікі. У 14 стагоддзі пры храме існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр; з 1624 – жаночы, з 1628 – мужчынскі манастыр базыльян; з 1839 праваслаўная царква. У пачатку 16 стагоддзя і асабліва ў 1-й чвэрці 17 стагоддзя храм быў цалкам перабудаваны. Знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх ветыкальных калон-лапатак, якія ў верхняй частцы пераходзяць ў пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўзмоцнены 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з тоўстых квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4-5 см). У 17 стагоддзі храм быў пакрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. Апошні рамонт яго зроблены ў канцы 19 стагоддзя. Помнік рэспубліканскага значэння.

"Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", Мінск 1993, стар. 358 (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)

Сабор у імя пакутнікаў Барыса і Глеба

   У гістарычным цэнтры горада, на вул. Паштовай. Пабудавана ў 1517 — 19 гг. на месцы старажытнага храма 12 ст. (быў выкладзены з плінфы на месцы язычніцкага капішча; рэшткі храма ўвайшлі як частка падмурка новай царквы). У 1517 г. і 1519 г. князь К.І.Астрожскі пры падтрымцы мітрапаліта І.Солтана зрабіў ахвяраванні (маёнтак Быковічы ў Карэліцкім раёне) на будаўніцтва новай саборнай царквы. У 1628 — 36 гг. кіеўскі уніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі заснаваў пры храме мужчынскі базыльянскі кляштар, а граф Адам Храптовіч — жаночы, які існаваў да 1840 г., калі быў пераведзены ў Лаўрышаўскі манастыр (захаваўся 1-павярховы мураваны будынак). З 1839 г. прыходская праваслаўная царква. У 1870-я гг. будынак прыйшоў у аварыйны стан. На сабраныя прыватныя ахвяраванні і вылучаную ўрадам суму ў 10 тыс. рублёў пачаліся работы па яго аднаўленні, якое было завершана ў 1875 г. Адначасова быў створаны драўляны 4-ярусны іканастас у 30 абразоў. У верасні 1876 г. ў прысутнасці 10 тыс. вернікаў уладыка Аляксандр (Дабрынін) асвяціў адрамантаваны храм. Адлюстраваны на малюнку Н.Орды 1876 г. У 1923 — 24 гг. храм рэканструяваны. Пасля Вялікай Айчынай вайны будынак царквы выкарыстоўваўся як архівасховішча. Адноўлена і адкрыта для набажэнстваў у 1996 г.

   Помнік архітэктуры сімбіёзнага гатычна-рэнісанснага стылю з рысамі абарончага дойлідства. Царква 16 ст. была значна меншых памераў — галоўны фасад пачынаўся ад 1-й пары ўнутраных слупоў (на паддашшы захаваліся рэшткі першапачатковага франтона). Прамавугольны 3-нефавы 4-слуповы аб'ём (14 х 14 м) пераходзіў у 5-гранную апсіду, сцены ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі, зала перакрыта нервюрнымі скляпеннямі. Бакавыя фасады дэкарыраваны 3-раднай стральчатай аркатурай з тонкімі лапаткамі, выкананымі з лякальнай цэглы, расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі. Пры перабудове 1632 г. зменены галоўны фасад, які набыў 2 бакавыя абарончыя вежы з байніцамі і зубчастым парапетам у завяршэнні. У 18 ст. ў апсідзе зроблены мураваны алтар. У 1866 г. распрацаваны праект перабудовы храма, пасля рэалізацыі якога ў 1873 — 75 гг. разабрана цэнтральнае скляпенне, над дахам узведзены драўляны светлавы барабан з галоўкай, зноў перабудаваны галоўны фасад — прыбудаваны прытвор, зменены завяршэнні вежаў, 2-схільны дах заменены 4-схільным. У 1923 — 24 гг. храм зноў рэканструяваны: замест драўлянога барабана з галоўкай адноўлена першапачатковае скляпенне, умацаваны падмурак, у выніку храм набыў рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. У наш час храм уяўляе сабой прамавугольны пад вальмавым дахам карабель, які пераходзіць у больш нізкую 5-гранную апсіду пад асобным вальмавым дахам. Галоўны фасад фланкіраваны 2 шатровымі вежамі (васьмярык на чацверыку), паміж якімі выступае нізкі прытвор. Рысы рэтраспектыўна-рускага стылю прыўнеслі ў архітэктуру храма завяршэнні вежаў у выглядзе навысокіх гранёных шатроў з макаўкамі і каронай какошнікаў у аснаванні. Бакавыя фасады члянёны гранёнымі контрфорсамі, плоскімі пілонамі, высока ўзнятымі стральчатымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны спляценнем аркатур.

   Трохнефавы інтэр'ер храма захаваў рэнесансны малюнак цыліндрычных нервюрных скляпенняў пачатку 16 ст. Цэнтральны неф завершаны мураваным іканастасам 18 ст., 1-ы ярус якога складаецца з масіўных слупоў; па цэнтры 2-га яруса — паўцыркульны праём для алтарнага абраза; 3-і ярус аддзелены ад папярэдняга магутным антаблементам.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4