Полацк . Богаяўленскі кафедральны сабор
2005.08
Гістарычны агляд:

ПОЛАЦАК. БОГАЯЎЛЕНСКІ МАНАСТЫР Помнік дойлідства барока з элементамі класіцызму. У цэнтры гораду, на правым беразе Заходняй Дзвіны. Заснаваны ў XVI ст., з’яўляўся цэнтрам праваслаўнага полацкага брацтва. Уключаў Богаяўленскую царкву і жылы корпус (цяпер выкарыстоўваецца пад жыллё). У XVI—XVII стст. пастаўленыя драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы. У пачатку XVII ст. будынкі манастыра згарэлі. Паводле некаторых звестак, галоўная манастырская царква згарэла ў 1682 г. і замест яе пабудаваная капліца; пасля пажару 1757 г. на сродкі жыхароў у 1761 г. пачалося аднаўленне храму, былі напалавіну ўзведзеныя сцены, але праз год зноў згарэлі. У 1779 г. будаўніцтва царквы было завершанае (у далейшым неаднаразова перабудоўвалася). Царква уяўляе сабой аднаапсідны крыжова-купальны мураваны храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам і высокім светлавым барабанам з сферычным купалам, завершаным ліхтарамі, ліхтары завяршаюць і аднаярусныя вежы. Напачатку над сценамі ўзвышаліся чатыры франтоны: у 1839 г. заходні і ўсходні былі разбураныя ("бо надавалі каталіцкі выгляд"), а паўночны і паўднёвы паменшаныя. З заходняга боку былі две вежы. У паўночнай знаходзілася званіца (з сямю званамі), да яе вялі ўсходы з паўднёвай вежы. Сцены, вежы, барабан купалу прарэзаныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёныя пілястрамі. Інтэр’ер двухсветлавы, у заходняй частцы — хоры. Перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкай. У 1836 г. сцены і ўнутраная паверхня купалу былі размаляваныя; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабану фігуры трох свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі 1981 г. тут размешчаная карцінная галерэя. Пасля наведвання ў 1780 г. Кацярынай II Полацку ўказам ад 10.12.1781 г. было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 г. дойлід Дж. Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў раскрыццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (сучасная вул. Леніна) — царкву фланкіравалі два двухпавярховыя будынкі, размешчаныя па чырвонай лініі вуліцы. У 1782—85 гг. з захаду ад царквы на месцы драўлянага будынку брацкай школы (у 1656—59 гг. у ёй выкладаў Сімяон Полацкі) быў узведзены Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і две цёплыя царквы — Ефрасіннеўская і Кацярынінская. З усходу ад царквы ў пачатку ХІХ ст. пабудаваны "эканамічны дом" (не захаваўся). У кампазіцыі галоўных фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэру, але без яго вертыкальных частак. Першы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным другім паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невялікімі лучковымі перамычкамі. Вокны другога паверху больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Кутнія частка (тут знаходзіліся келлі) вылучаная чатырма дарычнымі паўкалонамі, завершаная франтонам і невялікай вежай (у 1830-я гады пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 гг. і 1812—19 гг. у корпусе размяшчалася народнае вучылішча, у 1792—1812 гг. — багадзельня. У 1970-я гады будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом, зараз прыстасоўваецца пад музей. Комплекс былога манастыра — помнік рэспубліканскага значэння.

Т.I. Чарняўская, В.Ф. Марозаў http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

У цэнтры горада, на правым беразе Заходняй Дзвіны.

   Комплекс уключае мураваны Богаяўленскі сабор і жылы корпус манастыра. У 16 — 18 ст. складаўся з драўлянай царквы і будынка брацкай школы. Упамінаецца ў 1633 — 36 гг. калі князь Леў Самуіл Агінскі і міравы земскі суддзя Севасцьян Мірскі аднавілі прыстанак пасля пажару і пасадзейнічалі заснаванню праваслаўнага брацтва; манастыр як праваслаўны зацверджаны граматай Уладзіслава ІV у 1633 г. С.Мірскі ахвяраваў участак зямлі па вул. Вялікай для пабудовы школы (у 1656 — 59 у ёй выкладаў беларускі пісьменнік і філосаф Сімяон Полацкі) і тэатра. У 1657 г. да манастыра была прыпісана маёмасць Залатаношскага Спаса-Праабражэнскага манастыра (?). У брацтва манастыр быў адабраны ў 1668 г. паводле загада караля Яна Казіміра. У чэрвені 1683 г. ў выніку гарадскога пажару пацярпеў і манастыр, таму манахі былі вымушаны закласці на правабярэжным баку Полацка капліцу і новую царкву. Пасля пажару 1757 г. ў 1761 — 79 гг. пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор. У 1782 г. архітэктар Дж. Кварэнгі распрацаваў праект пашырэння манастыра. Прадугледжвалася раскрыццё архітэктурнага ансаібля ўздоўж вул. Ніжнепаркавай (сучасная вул. Леніна) — царкву фланкіравалі два 2- павярховыя будынкі, размешчаныя па чырвонай лініі вуліцы: з заходу жылы корпус, з усходу — школа (з 1835 мужчынскае духоўнае вучылішча; не збераглося). У выніку архітэктура комплексу набыла барочна-класіцыстычны характар. У 1798 г. манастыр пакінуты за штатам, а ў 1842 г. ўзведзены ў 2-і клас. У пачатку 19 ст. з усходу ад царквы пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). На пачатак 20 ст. пры манастыры лічылася 28 чалавек браціі пад кіраўніцтвам архімандрыта Яўфімія.

   Сабор у гонар Богаяўлення — помнік архітэктуры барока. Крыжова-купальны 1-апсідны храм з дзвюма 1-яруснымі вежамі на галоўным (заходнім) фасадзе. Над перакражаваннем асноўнага аб'ёму і трансепта — высокі светлавы барабан са сферычным купалам, завершаным гранёным ліхтаром. Такімі ж купалкамі завершаны і фасадныя вежы, паўночная з'яўлялася званіцай (7 званоў). Сцены вежы, грані барабана прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі ў прасценках. Галоўны фасад крапаваны магутнымі слаістымі пілястрамі на высокіх цокалях, па восі сіметрыі арачныя ўваходны партал і аконны праём хораў над ім. Вось сіметрыі бакавых фасадаў падкрэслена рызалітам з лучковым уваходным праёмам з глыбокімі адхіламі. Па перыметры будынка праходзіць карніз простай прафіліроўкі. Барочныя франтонныя завяршэнні фасадаў былі зняты ці паменшаны ў 1839 г.

   Інтэр'ер 2-светлавы, у цэнтры 4 масіўныя слупы квадратнага сячэння, перакінутыя цераз іх аркі і ветразі нясуць сферычны купал з ліхтаром. Цыліндрычны барабан пад купалам вырашаны як ратонда. Перакрыцці — цыліндрычныя скляпенні на распалубках. Над нартэксам на тройной аркадзе размешчаны хоры з каванай агароджай. На левым перадалтарным слупе фестонная ракальная арка — выхад на колішні амбон. Фрагментарна захаваўся фрэскавы жывапіс на ўнутранай паверхні барабана, у яго прасценках — тэмперныя размалёўкі (3-метровыя фігуры 3 свяціцеляў; 2-я палавіна 18 ст., часткова адноўлена ў 19 ст.). Меўся славуты абраз «Маці Божая Іверская» ў сярэбраным пазалочаным абкладзе і такойжа раме (лічыўся цудатворным), які пасля пажару быў перанесены ў Сафійскі сабор. На абразе было 18 каштоўных камянёў і сярэбраныя вызалачаныя вянцы, адзін з якіх старажытны. Існуе 2-ярусны іканастас сучаснай работы на 6 абразоў. Пасля рэстаўрацыі з 1981 г. ў саборы размясцілася карцінная галерэя.

   Жылы корпус — помнік архітэктуры барока і класіцызму. Пабудаваны на месцы драўлянай брацкай школы. Г-падобны ў плане мураваны будынак, у якім знаходзіліся келлі манахаў і пакоі ігумена (ва ўсходнім крыле), 2 «цёплыя» царквы — Еўфрасіннеўская і Кацярыненская (у вуглавой частцы). У кампазіцыі галоўнага фасада будынка выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып — 1-ы паверх трактаваўся як аснова больш рэпрэзентацыйнага 2-га паверха, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невялікімі лучковымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах з замковым каменем. На гладкай паверхні сцен 2-га паверха — шырокі паясок, рытм прамавугольных аконных праёмаў у ліштвах. Будынак апяразаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка вылучана 4 іанічнымі паўкалонамі і завершана франтонам з невялікай вежачкай (у 1830-я гг. ўзведзены купал на цыліндрычным барабане, зараз адноўлены). У 1784 — 91 і 1812 — 19 гг. ў корпусе размяшчалася народнае вучылішча, у 1792 — 1812 гг. - багадзельня. У 1970-я гг. рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. Цяпер прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага і Музей беларускага кнігадрукавання. У 1959 г. на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка Сімяону Полацкаму.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4