- Гістарычны агляд:
ПІНСК. ВАРВАРЫНСКАЯ ЦАРКВА Глядзі артыкул "Пінск. Касцёлы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (бернардынаў)".
ПІНСК. КАСЦЁЛЫ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ (БЕРНАРДЫНАЎ) 1) драўляны касцёл існаваў у XVIII ст. Пабудаваны ў 1712 г. у прадмесці Пінску Каралін па фундацыі Міхаіла Вішнявецкага. Аднанефавы прастакуны ў плане будынак быў накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад з трохкутным франтонам і арачным парталам уваходу фланкіравалі две трох’ярусныя вежы (два ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Злева ад храму размяшчаўся невялікі аднапавярховы драўляны будынак кляштару. Касцёл і кляштар адлюстраваныя на карце бернардынскіх манастыроў літоўскай правінцыі, выгравіраванай Г. Ляйбовічам у 1750—60-я гады. 2) У 1786 г. на яго месцы пабудаваны мураваны касцёл (з 1830-х гадоў Варварынская царква) у стылі барока, у пачатку ХІХ ст. — мураваны двухпавярховы корпус кляштару (у 1858—75 гг. тут размяшчаўся жаночы манастыр). Прастакутны ў плане аднанефавы мураваны храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Галоўны фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны трохлопасцевым франтонам. Аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем размешчаныя на двух узроўнях. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Перспектыву інтэр’еру замыкае дойлідская размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. У касцёле знаходзіцца помнік іканапісу XVI ст. — абраз "Маці Боская Адзігітрыя Іерусалімская". Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.
Р.В. Баравы, Ю.А. Якімовіч http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki
Кафедральны сабор у імя святой велікамучаніцы Варвары
На вул Савецкай. Пабудавана ў 1786 г. як касцёл кляштара бернардзінцаў, у 1830-я гг. перабудавана ў праваслаўную Варварынскую царкву. У адзіны архітэктурны ансамбль уваходзяць 2-павярховы кляштарны корпус (далучаны да храма з паўночнага боку ў 19 ст.) і 2-ярусная званіца ў стылі класіцызму (з заходняга боку ад царквы).
Помнік архітэктуры барока. Вырашана кампактным прамавугольным аб'ёмам з выцягнутай паўкруглай апсідай. Галоўны фасад завершаны фігурным барочным атыкам з макаўкай, крапаваны пілястрамі, прафіляваны карнізам, бакавымі нішамі-экседрамі. Вось сіметрыі адзначана прамавугольным уваходным праёмам, высокім арачным аконным праёмам хораў над ім і круглай люкарнай завяршальнага франтона. Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках. Двухсхільны дах карабля храма па цэнтры завершаны 8-гранным драўляным барабанам з цыбулепадобным купалам.
Зала перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, сцены апяразаны прафіляваным карнізам. Апсіда пакрыта грызайлевай размалёўкай у стылі класіцызму, расчлянёна арнаментальным фрызам на 2 ярусы. У ніжнім ярусе выява паўратонды і бакавых каланад карынфскага ордэра. У консе апсіды выява «Маці Божая з дзіцем» (пачатак 20 ст.). Над уваходам на 2 слупах размешчаны хоры. Пад храмам вялікая крыпта, перакрытая крыжовымі скляпеннямі. Абразы: «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская» (мяжа 15 — 16 ст.), «Пакроў» (1732), «Маці Божая Замілаванне» (1751), «Тры свяціцеля» (1765), «Спас Пантакратар» (1776), «Мікалай Цудатворац» і «Троіца ветхазапаветная» (18 ст.), абраз-фератрон «Уваход у Іерусалім» і «Уваскрашэння Лазара» (сярэдзіна 18 ст.), «Жыціе святых Кацярыны і Анны» (19 ст.), фрэскавая размалёўка алтарнай сцяны «Маці Божая» (19 ст.).
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
- Адрас
- 225710 Брэсцкая вобласць, г.Пінск, вул.Савецкая, 34
- Тэлефон
- +375165-32-23-85
- Епархія
- Пінская
- Благачынне
- Пінскае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- перапрафіляванне з храмаў іншых канфесій
- Тыпалогія храма
- сабор
- Стан храма
- дзейнічае
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1786
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 18



2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.