Давыд-Гарадок. Георгіеўская царква
2009.05
Гістарычны агляд:

ДАВЫД-ГАРАДОК. ЦАРКВА СВЯТОГА ГЕОРГІЯ Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 2-й палове XVII ст. ў г. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н) майстрамі Усходнепалескай школы дойлідства (глядзі артыкул "Палескія школы дойлідства"), перабудаваная ў 1724 г. Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прастакутны ў плане бабінец, асноўны аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя чатырохграннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на васьмігранных барабанах. Да апсіды з поўначы прыбудаваная рызніца, да бабінца з захаду — тамбур, завершаныя двухсхільнымі дахамі. Асноўны аб’ём мае дадатковы чацверыковы ярус, які абапіраецца на бэлькі паміж зрубамі бабінца і алтару. Ярусы падзяляе прычолак. Сцены знадворку ашаляваныя гарызантальна ў верхняй частцы, вертыкальна і ў "елку" ў ніжняй частцы, умацаваныя шырокімі лапаткамі. Вокны з трохгранным завяршэннем і крыжападобныя (у верхнім ярусе асноўнага аб’ёму). Дахі над бабінцам і апсідай крыху ссунутыя на захад і ўсход і злучаныя з цэнтральным аб’ёмам (двухсхільнымі стрэшкамі паміж асобнымі вярхамі). У кампазіцыйнай будове царквы выкарыстаная старажытна-руская сістэма прапорцый, пры якой дыяганаль цэнтральнага аб’ёму ў плане вызначае яго вышыню да асновы барабану купальнай галоўкі. У інтэр’еры дамінуе цэнтральны двухсветлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды іканастасам. Усе памяшканні маюць плоскія бэлечныя перакрыцці. Мяркуюць, што раней шатровыя вярхі былі адкрытыя ў інтэр’ер. Драўляны разны іканастас створаны ў 1751 г. у стылі барока (майстар невядомы), устаноўлены на высокім цокалі з жывапіснымі кампазіцыямі "Хрыстос Пастар", "Пейзаж з гарой", "Архістратыг Міхал". Мае чатыры рады. Першы знізу (мясцовы) падзелены разнымі залачонымі калонкамі на сем праёмаў: у цэнтральным знаходзіліся царскія вароты (цяпер у Заслаўскім музеі рамёстваў і народных промыслаў), паабапал размешчаныя абразы "Маці Боская Адзігітрыя" ў абкладзе 1752 г., выкананым майстрамі Мікітай і Пархомам, і "Хрыстос Уседзяржыцель" у абкладзе 1767 г. работы Д. Ткачука і С. Грэчкі. Другі рад святочны, складаецца з дванаццаць кампазіцый на тэмы жыцця Маці Боскай і Ісуса Хрыста. У трэцім (апостальскім) радзе — выявы дванаццаці апосталаў. Завяршае іканастас чацвёрты (прарочы) рад з шасці абразоў. Вертыкальную вось іканастасу складаюць размешчаныя над царскімі варотамі абразы "Тайная вячэра", "Спас Архірэй" і "Саваоф". Адзінства кампазіцыйнай будовы твораў і іх колеравага вырашэння садзейнічаюць стварэнню суцэльнага вобразу, адпаведнага дойлідству царквы. У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажом. Іканастас багата размаляваны і аздоблены асобнымі залачонымі разнымі накладкамі. У 1990 г. царква перададзеная веруючым. Помнік рэспубліканскага значэння. Ю.А. Якімовіч, Э.I. Вецер http://szlachta.io.ua/s210767/doylidstva_belarusi._chastka_3_gomel-kushlyany