Залужжа. Георгіеўская царква
2007.05
Гістарычны агляд:

   У паўночна-ўсходняй частцы вёскі. Пабудавана на мяжы 19 — 20 ст. з драўлянага бруса. Звесткі пра існаванне тут царквы адносяцца да 16 ст. У савецкі час выкарыстоўвалася пад вясковы клуб, першапачатковы выгляд вядомы па фотаздымку І. Сербава пачатку 20 ст. З 1992 г. дзейнічае.

   Царква — помнік народнага дойлідства. Манументальны крыжовы ў плане будынак. У яго сіметрычна-восевай кампазіцыі дамінуюць высокі папярочны трансепт і 2-ярусная званіца. Галоўны ўваход вылучаны шырокім 4-слуповым порцікам з трохвугольным франтонам і вялікім ганкам. Да прамавугольнага прыруба апсіды прымыкаюць бакавыя рызніцы. Вялікія згрупаваныя аконныя праёмы ў разных ліштвах з франтонамі. У дэкоры фасадаў выкарыстана разнастайная шалёўка — гарызантальная на сценах і вертыкальная з разным арнаментам пад карнізам і на цокалі.

   Унутраная прастора аб'яднана агульнай плоскай столлю і ўяўляе сабой доўгую залу, у якую адкрываюцца бабінец і апсіда. Пры ўваходзе ў бабінец зроблены хоры з бакавой лесвіцай.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.