Малыя Ляды. Дабравешчанская царква
2006.05
Гістарычны агляд:

ЛЯДЫ. ДАБРАВЕШЧАНСКІ МАНАСТЫР Помнік дойлідства барока Пабудаваны ў 2-й палове XVIII — 1-й палове XIX ст. ў в. Ляды (Смалявіцкі р-н). Уключае царкву Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы і жылы корпус. Царква пабудаваная ў 1794 г. з цэглы. Трохнефавы храм з прастакутнай апсідай, накрыты двухсхільным дахам. Да алтарнай часткі прыбудаваныя две прастакутныя сакрысціі. Галоўны фасад па гарызанталі падзелены прафіляванымі карнізамі, па вертыкалі — пілястрамі і завершаны фігурным атыкавым франтонам з валютамі. Плоскасці паміж пілястрамі прарэзаныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Цэнтральная частка вылучаная парталам галоўнага ўваходу і здвоеным акном. Бакавыя фасады дэкарыраваныя плоскімі пілястрамі, франтонамі і нішамі. Унутраная прастора падзеленая на нефы чатырма квадратнымі ў плане слупамі. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі скляпеннямі. Сцены раскрапаваныя пілястрамі і паўкалонамі карынфскага ордэру ў барочнай інтэрпрэтацыі. Над уваходам — хоры на круглых слупах. Сцены бакавых нефаў і алтарнай часткі дэкарыраваныя размалёўкай, выкананай у тэхніцы грызайль. Жылы корпус пабудаваны з цэглы ў 1811—50 гг. Аднапавярховы будынак Г-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны ўваход абрамлены высокім мураваным ганкам. Цокальны паверх вылучаны гарызантальнай цягай, якая ідзе па ўсім перыметры будынку. Тоўстыя сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі. Фасады дэкарыраваныя лапаткамі, філёнгавымі нішамі, рустам і завершаны карнізам. Планіроўка галерэйная. Памяшканні ў цокальным паверсе перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Царква не дзейнічае, у манастыры — школа. Помнік рэспубліканскага значэння.

В.М. Ладзіс http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod

У цэтры вёскі. Акрамя царквы ў манастырскі комплекс уваходзіць жылы корпус.

   Паводле падання аднаму з сялян у сне з'явілася Маці Бажая, якая загадала яму пабудаваць храм у гонар Багародзіцы на месцы з'яўлення яе абраза'.Першы драўляны храм быў пабудаваны ў 1732 г. па фундацыі мечніка Вялікага княства Літоўскага графа Ігнація Завішы і яго жонкі Іэрэзы Розы Тышкевіч-Завішы пры базыльянскім манастыры, на ўтрыманне якога Завішы ахвяравалі вёскі Грыва і Слабодка, асобны фальварак і 4 тыс злотых''. Пазней ахвяра-

ванні на манастыр рабілі ўдава Завішы Марцыбеля (10 тыс. злотых) , Ю.Іллініч і А.Беніцкі. Ідэя пабудаваць мураваны храм належыць Ігнацію Завішу, пасля смерці якога (1739) была ажыццёўлена яго жонкай Марцыбелай Агінскай, якая ахвяравала на гэтую мэту ў 1746 г. і 1756 г. значныя грашовыя сродкі. У 1792 — 94 гг. быў збудаваны мураваны храм, у 1811 — 50 гг. - жылы корпус. Рымскі папа Пій VI надаў царкве права надання індульгенцыі. Пры манастыры былі курсы маральнай тэалогіі для манахаў, школа для свецкіх асоб (у 1809 — 38 вучняў, у 1819 — 143) , шпіталь. Пасля скасавання ў 1839 г. Брэсцкай уніі былы базыльянскі манастыр пераведзены ў праваслаўе і ўзведзены ў 3-і клас, школа ператворана ў павятовае духоўнае вучылішча, выпускнікам якога давалася права паступаць ва універсітэт. На месцы з'яўлення цудатворнага абраза была пастаўлена капліца, да якой штогод учыняліся хрэсныя хады. З'яўляўся адным з вядомых на Беларусі цэнтраў адукацыі і духоўнага жыцця, тут мелася духоўнае вучылішча.

   Манастыр капітальна адрамантаваны ў 1878 г. і 1898 — 99 гг. (пашыраны іканастас, зроблены новы дах, узведзены купал) . У 1900 г. галоўны храм манастыра адноўлены і асвячоны'''. Закрыты ў 1918 г. У даваенны час царква не дзейнічала, у гады Вялікай Айчынай вайны адкрыта, у 1950-я гг. зноў закрыта. Манастыр аднавіў дзейнасць ў 1994 г.

   Сабор — помнік архітэктуры барока. Трохнефавая бязвежавая базіліка з прамавугольнай апсідай з бакавымі нізкімі рызніцамі. Накрыты агульным 2-схільным дахам з вальмай над апсідай. Па цэнтры даху ўзведзены гранёны барабан з цыбулепадобнай галоўкай. Бязвежавы храм на галоўным фасадзе здвоенымі і адзінарнымі пілястрамі падзелены на 3 праслы, у цэньральным размешчаны партал галоўнага ўвахода і арачнае акно-біфорыум, у бакавых — адзінарныя вузкія і высокія арачныя аконныя праёмы. Пласкасць фасада завершана фігурным шчытом з трохвугольным франтонам і бакавымі валютамі, арачным акном па цэнтры (асвятляла паддашкавую званіцу) . Высокімі арачнымі аконнымі праёмамі расчлянёны і плоскасныя бакавыя фасады.

   Прастора малітоўнай залы 4 пілонамі і перакінутымі цераз іх аркадамі падзелена на 3 нефы, цэнтральны перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках і распалубках, вузейшыя бакавыя — крыжовымі . Сцены крапаваны пілястрамі і паўкалонамі карынфскага ордэна. Пры ўваходзе на 2 тонкія калоны ўзняты хоры. Тарцовыя сцены апсіды і бакавых нефаў дэкарыраваны размалёўкай у тэхніцы грызайль з выявамі архітэктурных алтароў (карынфская каланада з антаблементам) . Галоўны алтар вырашаны барочнай каланадай на высокіх устоях, 2-і ярус — у выглядзе арачнага атыка. Раней апсіду вылучаў іканастас, расчлянёны на 3 ярусы прафіляванымі карнізамі і арнаментальнымі фрызамі. Верхні ярус іканастаса меў 8 абразоў апосталаў у кілепадобных арачных рамах. Цэнтральны абраз «Благавешчанне» знаходзіўся ў 3-лопасцевай кілепадобнай візантыйскай арцы. Меўся прыдзел у імя святога князя Усевалада. Шанаваўся абраз «Маці Божая Жыровіцкая» (копія 18 — 19 ст. абраза Жыровіцкага Успенскага сабора) .

   Жылы корпус — 1-павярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак, накрыты 2-схільным дахам. Цокальны паўпаверх аформлены гарызантальным рустам. Тоўстыя сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах, апяразаны прафіляваным карнізам. Планіроўка галерэйная з тыповымі келлямі. Цокальны паўпаверх перакрыты крыжовымі скляпеннямі.

 ' Павловский А.А. Всеобщий Иллюстрированный Путеводидель по монастырям и святым местам Российской Империи и Афону. Нижний Новгород 1907. С. 345.

 '' Православные русские обители. Полное иллюстрированное описание всех православных русских монастырей в Российской империи и на Афоне. Спб., 1909. С. 605.

 ''' Памятная книжка Минской епархии за 1901 г. Мн., 19091. С.22.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.