Вішнева. Казьма-Дзям'янаўская царква
2010.09 Фота: Друпаў А.
Гістарычны агляд:

Царква ў імя Касмы і Даміяна

   У цэнтры вёскі, на ўзвышаным левым беразе р. Альшанка. Пабудавана ў 1865 г. (дата на галоўным фасадзе) з цэглы і бутавага каменю. Акаймавана нізкай бутавай агароджай з 1 арачнымі кілепадобнымі франтонамі-брамамі і старымі ліпавымі пасадкамі.

    Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак 4-часткавай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Па падоўжна планіровачнай восі размешчаны 3-ярусная восьмерыковая шатровая вежа-званіца(атынкавана) , нізкая і вузкая трапезная, кубападобны аб'ём малітоўнай залы і прамавугольная апсіда. Асноўны 2-ярусны аб'ём (васьмярык на чацверыку) накрыты 4-схільным дахам з цыбулепадобнай галоўкай на барабане. Высокі шацёр званіцы завершаны макаўкай. Галоўны і бакавыя ўваходы вырашаны арачнымі парталамі з кілепадобнымі ліштвамі. Сцены дэкарыраваны атынкаванымі вугламі лапаткамі, акаймаваны прафіляванымі карнізамі і аркатурна-зубчастымі фрызамі, вылучанымі сваёй белізной на паліхромным фоне бутавай муроўкі (швы тынкоўкі дэкарыраваны керамічнай мазаікай) . Здвоеныя аконныя праёмы аб'яднаны арачнымі ліштвамі. На фоне бутавай муроўкі тарцовай сцяны апсіды вылучаецца белы рэльефны крыж.

   Унутры кубападобная са зрэзанымі вугламі малітоўная зала перакрыта корабавым скляпеннем з квадратным плафонам, з якога звісае каванае панікадзіла. У прастору зылы шырокімі (метровымі) адхіламі адкрываюцца бакавыя ўваходныя праёмы і здвоеныя бакавыя арачныя вокны-біфорыумы. У залу выступаюць кансольна размешчаныя драўляныя хоры, абмежаваныя разной балюстрадай. Шырокая апсідная арка закрыта ўзнятым на 2-прыступкавую салею 3-ярусным пірамідальнай кампазіцыі драўляным іканастасам на 9 абразоў і з царскімі варотамі ажурнай драўлянай разьбы з 4 абразамі-клеймамі евангелістаў. Вузкая трапезная адкрыта ў залу шырокім арачным прасветам і перакрыта плоскай столлю, асветлена 2 бакавымі арачнымі аконнымі праёмамі. У прытворы — адкрытая лесвіца на званіцу. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні, адкрытыя прамавугольнымі аконнымі праёмамі цокаля.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.