Магілёў. Кафедральны сабор у імя трох свяціцеляў Васілія Вялікага, Грыгорыя Багаслова і Іаана Златавустага
2006.07
Гістарычны агляд:

Пабудавана ў 1909 — 11 гг. з цэглы на сродкі гараджан. У 1960 г. тут быў клуб. У 1990 г. вергуты вернікам, адрэстаўрыраваны на сродкі абшчыны.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашаны па кананічнай 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: папярочны прытвор са званіцай, прамавугольная трапезная, кубападобны аб'ём малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, апсіда з бакавымі рызніцамі. Маляўнічы сілуэт будынка фарміруюць высокая дамінанта 2-яруснай шатровай званіцы (васьмярык на чацверыку) з макаўкай, 5-купалле над 2-м кубападобным ярусам малітоўнай залы, купал над апсідай, галоўкі над шатрамі бакавых уваходных прытвораў-цвінтароў. Фасады храма атрымалі багатую светлаценявую распрацоўку дзякуючы насычанасці архітэктурным дэкорам — какошнікамі, зубчастымі фрызамі з прафіляванымі карнізамі, вуглавымі лапаткамі з шырынкамі, магутнымі руставанымі цокалямі, ліштвамі высокіх арачных аконных праёмаў, шматпрофільнай і шматфрызавай акантоўкай фасадаў. Насычаную крапоўку маюць грані званіцы, багата аздобленыя пілястрамі і карнізнымі паясамі, аконныя праёмы-біфорыумы. У інтэр'еры апсіду вылучае 2-ярусны іканастас. Побач з храмам пастаўлена мураваная капліца, вырашаная крыжова-купальным аб'ёмам. Сяродкрыжжа 2-схільных дахаў завершана 8-гранным шатровым барабанам з макаўкай.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.