Вістычы. Крыжаўзвіжанская царква
2008.05
Гістарычны агляд:

Вістыцкая Крыжаўзвіжанская царква, помнік архітэктуры сталага барока. Пабудавана ў 1678 годзе у в. Вістычы (Брэсцкі раён) як касцёл цыстэрцыянцаў па фундацыі Тышкевічаў. З 1866 года праваслаўная Крыжаўзвіжанская царква. Трохнефавая базіліка з паўцыркульным апсідным завяршэннем цэнтральнага нефа. Бакавыя нефы абапал віма алтара завершаны прамавугольнымі сакрысціямі. Нартэкс з бакавымі памяшканнямі вырашаны больш шырокім за базіліку, таму галоўны фасад выступае за межы бакавых нефаў і трактаваны як шырма для ўсёй кампазіцыі храма. Сіметрычны безвежавы фасад падзелены развітымі антаблементамі на ніжнюю частку і атыкавы франтон з валютамі. Вось сіметрыі вызначана ўваходным арачным парталам, акном над ім, нішай і люнетай у тымпане франтона. У дэкаратыўным аздабленні фасада выкарыстаны падвойныя паўкалоны, раскрапаваныя прафіляваныя цягі, плоскія нішы разнастайных форм. Сцены бакавых фасадаў апрацаваны падвойнымі пілястрамі, вокны вырашаны ў выглядзе паўцыркульных імпастаў. У інтэр’еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя – крыжовымі скляпеннямі. Пры ўваходзе – хоры, куды вядуць вітыя ўсходы ў тоўшчы сцяны. Перад будынкам пастаўлена 2-ярусная драўляная чацверыковая званіца, накрытая пакатым шатром. Помнік рэспубліканскага значэння. “Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 115-116. 

 

У цэнтры вёскі, на невялікім пагорку. Пабудавана ў 18 ст. з цэглы як касцёл пры кляштары цыстэрцыянцаў (заснаваны ў 1670) , перададзены  з дазволу імператара Паўла I айцам-трапістам'. У 1832 г. кляштар скасаваны. У 1864 г. касцёл капітальна адрамантаваны і ў 1866 г. пераасвячоны ў Крыжаўздзвіжанскую царкву, якая дзейнічала да Вялікай Айчынай вайны. Перад храмам стаіць драўляная 2-ярусная чацверыковая званіца пад пакатым 4-схільным шатром, у баку — паўразбураная каплічка.

Помнік архітэктуры барока. Вырашана паводле канона 3-нефавай бязвежавай базілікі з паўцыркульнай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Пануючая роля сярэдняга нефа, нерасчлянёная прастора якога з'яўляецца кампазіцыйнай асновай будынка, дакладна выяўлена ў плане, складаючы з апсідай адно цэлае. Бакавыя нефы значна вузейшыя і карацейшыя за сярэдні. Па абодвы бакі ад сярэдняга нефа размешчаны 4 прыдзелы: 2 з іх, далучаныя да апсіды, знаходзяцца ў бакавых нефах, а 2, што выходзяць на галоўны фасад, выступаюць з асноўнага аб'ёму амаль на 3 м. Кампазіцыя галоўнага фасада адносіцца да распаўсюджанай у эпоху барока схемы рымскай царквы Іль Джэзу. Ён падзелены развітым антаблеменьам на 2 ярусы : шырокая фасадная плоскасць і прамавугольны шчыт з бакавымі валютамі і трохвугольным крапавым франтонам у завяршэнні. Вось сіметрыі вылучана ўваходным арачным парталам і лучковай нішай над ім. У дэкаратыўным аздабленні фасада выкарыстаны падвойныя паўкалоны тасканскага ордэра, прафіляваныя цягі, плоскія нішы разнастойных форм. Бакавыя фасады рытмічна члянёны лучковымі аконнымі праёмамі і паўкруглымі люкарнамі, падвойнымі пілястрамі ў прасценках.

У інтэр'еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Манументальныя аркады на масіўных пілонах, што ўспрымаюць нагрузку сцен сярэдняга нефа і аддзяляюць яго ад бакавых, завершаны антаблементам, які акаймоўвае па перыметры ўвесь неф і падзяляе яго на 2 ярусы. Вертыкальныя чляненні вылучаны падвойнымі пілястрамі, што крапуюць сцены і пілоны і служаць апорай магутным падпружным аркам скляпення. Над галоўным уваходам на магутнай пакатай арцы размешчаны хоры, на якія вядзе вітая лесвіца ў тоўшчы сцяны. Абраз у абкладзе 1891 г. «Святая Параскева Пятніца».

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.