Гарадзішча . Крыжаўзвіжанская царква
2007.08 Фота Арабея В.
Гістарычны агляд:

Аднапрастольная Свята-Крыжаўзвіжанская царква — твор народнага драўлянага дойлідства; царкоўны пагост акаймаваны агароджай і пасадкамі бярозы і клёна. У свой час Хадкевічы на заходняй ускраіне мястэчка пабудавалі храм у імя святога велікамучаніка і пераможцы Георгія (анёла аднаго з уладальнікаў мястэчка), а на ўсход ад замка на самым узвышаным пагорку — царкву ў імя Святой Тройцы. У XVII ст. Хадкевічы пераходзяць да каталіцызму, праваслаўныя храмы спусташаюцца. Наступны ўладальнік Траян-Пакроўскі паблізу зруйнаванай Троіцкай царквы ўзводзіць кальвінскі збор, перароблены ў наступным у касцёл старадубскім маршалкам Гаўрылам Керло. У 1764 г., па фундацыі віленскага старосты графа Паца будуецца драўляная ўніяцкая Свята-Крыжаўзвіжанская царква, якая пасля пераводу ўніятаў у праваслаўе рэканструявана (1879 г.) у рэтраспектыўна-рускім стылі. Трохзрубны храм падоўжна-восевай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане прытвора, кубападобнага аб'ёму малітоўнай залы і пяціграннай апсіды. Асноўны аб'ём накрыты чатырохсхільным двух'ярусным шатровым дахам з заломам, завершаны цыбулепадобным купалам на васьмігранным барабане і дэкарыраваны па схілах слыхавымі кілепадобнымі вокнамі. Архітэктура насычана розным дэкорам, які ўключае плоскую балюстраду ў цокальнай частцы, карнізы з сухарыкамі і разнымі падзорамі ў завяршэнні гарызантальна ашаляваных сцен, арнаментальныя філёнгавыя лапаткі і аркатурны пояс прытвора. Выкарыстанне і творчае асваенне дэкору з арсенала прафесійнай мураванай архітэктуры ў народным драўляным дойлідстве — характэрная асаблівасць і нацыянальная рыса беларускай будаўнічай культуры. Унутраная прастора малітоўнай залы і апсіды перакрыта шатровым скляпеннем на ветразях. У прытворы на двух слупах размешчаны хоры, да якіх вядзе бакавая двухмаршавая лесвіца. Апсіда вылучана ад малітоўнай залы драўляным іканастасам, створаным у 1870-я гады замест знятага ў 1815 г. Побач з царквой знаходзіцца пабудаваная ў 1840-я гады драўляная званіца — чатырохслуповае цэнтрычнае народна-этнаграфічнае збудаванне, накрытае пакатым шатровым дахам. А.М. Кулагін. Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000 (http://radzima.org/be/object/191.html)

У апісанні 1864 года ў мястэчку Гарадзішча згадваецца Свята-Крыжаўзвіжанская, пятага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1764 годзе памешчыкам графам Пацам.

Згодна з апісаннем цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года праваслаўная Свята-Троіцкая царква размяшчалася ў прыстасаваным будынку былога касцёла, перададзенага праваслаўным вернікам 25 красавіка 1867 года і асвечаным 19 сакавіка 1869 года. У ліпені 1874 года пачаліся працы па перабудове храма, якія былі скончаны ў канцы 1876 года. Будынак набыў выгляд падоўжанага крыжа з пяццю глухімі цыбулепадобнымі купаламі і званіцаю ў франтоннай частцы. Унутры царква мела драўляную падлогу. Новы іканастас з калонамі быў пафарбаваны ў белы колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбою, складаўся з 23 абразоў размешчаных ў чатыры рада. Званоў было тры, вагою 8, 7, 5 пудоў.

Пры царкве мелася адна прыпісная, былая прыхадская Свята-Крыжаўзвіжанская царква, якая ў 1879 годзе была рэканструяваная. Будынак упрыгожылі разным дэкорам, які надаў помніку народнага дойлідства рысы рэтраспектыўна-рускага стылю.

Настаяцелем храма быў Васіль Янушэўскі, рукапаложаны ў 1847 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, штатнае народнае вучылішча і багадзельня.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Гарадзішча, Вялікае Сяло, Сталькавічы, Кісялі, Несцеры, Баўшы, Селявічы, Лазоўцы, Боўдзілавічы, Міхноўцы, Пярэвалака, Брынічы, Лозы.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы вёскі Гарадзішча: Васіль Янушэўскі (1883-1893), Стэфан Салаўевіч (1894-1913), Сергій Сарочынскі (1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

 

Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 645.

Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.

Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.