Азярніца. Мікалаеўская царква
2012.08 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:
Свята-Мікалаеўская царква, вёска Азярніца, Слонімскага раёна. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца знаходзіцца на ўскраіне вёскі, акаймавана бутавай агароджай з 4-слуповай брамай. Пабудавана ў 1867 г. з цэглы на сродкі казны (6654 руб.); была прыпісана да Ражджаства-Багародзіцкай царквы вёскі Міжэвічы. У 19 стагоддзі маёнтак Азярніца належаў святару Антону Аліфяровічу. Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Падоўжана-восевую кампазіцыю белакаменнага храма фармуюць 2-ярусная 4-гранная званіца-прытвор, прасторная трапезная, папярочны аб'ём малітоўнай залы, прамавугольная апсіда. Плоскасныя фасады прарэзаны адзінарнымі і здвоенымі арачнымі вокнамі ў руставаных ліштвах. Маляўнічы сілуэт завяршаюць самкнуты сферычны купал з макаўкай над званіцай і цыбулепадобны купал на 8-гранным барабане асноўнага аб'ёму. Уваход вырашаны 4-слуповым арачным рундуком з бочкавым кілепадобным пакрыццём. Лапідарны дэкор абмежаваны філёнгамі шырынкамі, прафіляванымі карнізамі і шырынкавымі фрызамі. Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. –стар. 10.