Благавічы. Мікалаеўская царква
2006.09
Гістарычны агляд:

Размешчана на ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 2-й палавіне 19 ст. з цэглы на месцы храма 1797 г. У 1887 г. пры ёй адкрыта царкоўнапрыходская школа. Царква перабудавана ў сярэдзіне 1960-х гг. пад сялянскі клуб. У канцы 20 ст. адноўлена.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Крыжападобную планіровачную форму храма фарміруюць аднолькавыя па вышыні прытвор, трапезная, кубападобная малітоўная зала, бакавыя прыдзелы, паўкруклая апсіда з акруглымі рызніцамі. Над сяродкрыжжам узведзены нізкі 8-гранны барабан пад пакатым гранёным шатром, завершаным цыбулепадобным купалам. Над прытворам раней узвышалася шатровая званіца. Галоўны і бакавыя (у пазухах аб'ёмаў) уваходы аформлены арачнымі парталамі з трохвугольнымі франтонамі. Атынкаваныя фасады апяразаны прафіляваным карнізам з гарадковым фрызам, крапаваны вуглавымі шырынкавымі лапаткамі і паўкалонкамі. Прамавугольныя аконныя праёмы аформлены трохвугольнымі сандрыкамі, арачныя аконныя праёмы — архівольтамі. Унутры памяшканні аб'яднаны з цэнтральнай малітоўнай залай шырокімі арачнымі прасветамі, апсіду вылучае 2-ярусны драўляны іканастас.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.