Брэст. Мікалаеўская царква
2008.05
Гістарычны агляд:

Гісторыя Брацкай Свята-Мікалаеўскай царквы пачынаецца з 1885 года, калі праваслаўным брацтвам Брэст-Літоўска была пабудавана драўляная царква, звалася Мікалаеўскай. Адзін з шматлікіх пажараў знішчыў яе, і было вырашана пачаць будаўніцтва новага каменнага храма. Будавалі яго не толькі свецкія вернікі, але шчодра ахвяравалі на будаўніцтва брацтва ў гонар святога Мікалая і ў гонар Афанасія Брэсцкага, у ліку якіх былі непасрэдна самі ўдзельнікі марскіх бітваў, іх сваякі і, вядома ж, сем'і загінулых маракоў, нябесным апекуном якіх з'яўляецца святы Мікалай Мір-Лікійскіх. Неабходную суму ўнёс сам імператар Мікалай II, які таксама перадаў спіс імёнаў загінуўшых маракоў для пастаяннага памінання. Узвядзенню храма спрыяў былы гарадзенскі губернатар, старшыня Савета Міністраў Расійскай імперыі П. А. Сталыпін. Узвядзенне новага каменнага храма было пачата ў 1903 годзе, а скончана ў 1906 г. Аўтарам праекта выступіў гродзенскі губернскі архітэктар Плотнікаў І.К. 6 снежня 1906 года храм быў урачыста асвечаны. Так у Брэст-Літоўску з'явілася ўнікальная царква, якая чымсьці нагадвала пяцімачтавы карабель. Храм быў выкананы ў руска-візантыйскім архітэктурным стылі з элементамі маскоўскага царкоўнага дойлідства XVII ст. Акрамя галоўнага прастола ў імя Свяціцеля Мікалая, у храме мелася два прытворы: у гонар святога апостала Якава Алфеева і ў імя святой велікамучаніцы Варвары. Алтар аддзелены ад храма трох'ярусным драўляным іканастасам. У смутны час войн і рэвалюцый, пры польскай і нямецкай акупацыі, набажэнствы ў храме не спыняліся. Храм быў зачынены ў 1961 годзе. Увесну 1962 з яго былі спілаваныя ўсе крыжы над купаламі, а таксама збітыя крыжы, якія ўпрыгожвалі фасад. Некалькі дзесяцігоддзяў Дом Божы знаходзіўся ў няславе. Амаль 30 гадоў у ім знаходзілася сховішча Дзяржаўнага Архіва Брэсцкай вобласці. (Інфармацыяй падзяліўся Чувак А.А.)

 

На вул. Савецкай. Пабудавана ў 1904-06 гг. з цэглы'. Праект, верагадна, створаны гродзенскім губернскім архітэктарам І.К. Плотнікавым; у 1895-96 разглядаўся губернатарствам. Будаўніцтва вялося на ахвяраванні маракоў і афіцэраў-удзельнікаў руска-японскай авйны, якія лічылі свяціцеля Мікалая сваім заступнікам, і на сродкі брацтва ў гонар свяціцеля Мікалая і Афанасія, прападобнага ігумена Брэсцкага. Пасля Вялікай Айчынай вайны да 1991г ў будынку было размешчана сховішча Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. Царква адноўлена ў 1996 г. на ахвяраванні прыхаджан і гарадскіх прамысловых прадпрыемстваў.

Крыжова-купальны храм вырашаны ў руска-візантыйскім стылі з элементамі маскоўскага царкоўнага дойлідства 17 ст. У падоўжна-восевай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе 8-гранная званіца з адкрытым верхнім ярусам-звонам, завершаным высокім шатром з макаўкай. Званіца аб'яднана з цэнтральным 2-ярусным аб'ёмам працяглай трапезнай, падзеленай радамі арачных аконных праёмаў на 2 ярусы. Кубападобны аб'ём сяродкрыжжа завершаны маляўнічым 5-купаллем. З усходняга боку да цэнтральнага аб'ёму далучаецца 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Галоўны ўваход падкрэслены манументальнай паперцю ў выглядзе 3-пралётных вісячых аркатур і з высокім 2-гранным шчытом на магутных слупах.

Аналагічна, але ў меншым маштабе, вырашаны вуглавыя ўваходы цэнтральнага аб'ёму. Рознавялікія арачныя аконныя праёмы аформлены плоскаснымі ліштвамі, філёнгамі. У дэкоры выкарыстаны формы старажытнарускага дойлідства: какошнікі, кілепадобныя аркі, філёнгавыя лапаткі, квадратныя разеткі, бочкападобныя фігурныя калонкі, зубчастыя фрызы. Цокальная частка вылучана шматслойным архітэктурным абломам.

У інтэр'еры скляпенні пакрыты размалёўкай. Апсіда вылучана 3-ярусным драўляным іканастасам. У храме захоўваюцца абраз Мікалая Цудатворца (у алтары), мошчы велікамучаніка Афанасія Філіповіча. Сярод культавых рэліктаў — частка дрэва Крыжа Жыватворнага Гасподняга, на якім быў распяты Ісус, мошчаў свяціцеля і цудатворца Феадосія Чарнігаўскага і інш. Асабліва шануецца Святое Укрыжаванне з часткай каменю Галгофы з Іерусаліма.

 

' НГАБ у Гродна, ф. 8, воп. 2, спр. 1142, арк. 1, 4.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.