Верхнядзвінск. Мікалаеўская царква
2005.07
Гістарычны агляд:

ВЕРХНЯДЗВІНСК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1819 г. з цэглы ў г. Верхнядзвінск. Храм падоўжна-восевай чатырохчасткавай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, апсіда. Квадратны ў плане асноўны аб’ём завершаны высокім буйнамаштабным цыліндрычным барабанам са сферычным купалам і галоўкай у завяршэнні. У сілуэце храму дамінуе трох'ярусная чацверыковая званіца з шатровым пакрыццём. Плоскасныя фасады расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі, крапаваны кутнімі лапаткамі і апяразаны прафіляваным карнізам. Стрыманы дойлідны дэкор абмежаваны простымі ліштвамі акон і сандрыкамі з замковым каменем, поясам сухарыкаў на барабане, балюстраднай нішай званіцы. У інтэр’еры пануе падкупальная прастора светлавога барабану ветразевай опорнай канструкцыі. Скляпеністая трапезная і апсіда з конхай расчыненыя ў залу шырокімі арачнымі прасветамі. Інтэр’ер быў аздоблены арнаментальнай размалёўкай (не захаваўся). Царква дзейнічае. А.М. Кулагін http://szlachta.io.ua/s210577/doylidstva_belarusi._chastka_2_v-gnezna

г. Верхнядзвінск

Віцебскай вобласці

Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца

На вул. Гагарына. Пабудавана ў 1819 г. з цэглы. У 1895 г. адзначана як сабор' ; да яго была прыпісана могілковая драўляная Барыса-Глебская царква.

Помнік архітэктуры класіцызму. Кананічную 4-часткавую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю складаюць прытвор-званіца, трапезная, малітоўная зала, паўкруглая апсіда. У сілуэце дамінуе 3-ярусная чацверыковая званіца, завершаная невысокім шатром; ярусы вылучаны прафіляванымі карнізамі, прарэзаны арачнымі праёмамі, крапаваны вуглавымі пілястрамі. Над прамавугольным у плане асноўным аб'ёмам узведзены магутны цыліндрычны светлавы барабан з паўсферычным купалам, завершаным невялікім купалком на цыліндрычнай  шыі.

Плоскасныя сцены крапаваны вуглавымі пілястрамі, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах з замковым каменем. Аб'ёмы апяразаны прафіляваным карнізам на сухарыках.

Прастора малітоўнай залы павялічана высокім светлавым барабанам, у яе шырокімі арачнымі прасветамі адкрываюцца памяшканні трапезнай і апсіды. Сцены і скляпенні ў інтэр’еры пакрыты алейнай фарбай некалькіх таноў з трафарэтным малюнкам, купал пабелены.

Абразы «Евангелісты Матфей і Лука» (18 ст.), «Ражджаство Маці Божай» (канец 18 ст.), «Маці Божая Вастрабрамская» (19 ст.).

----------------------------------------------------------

' РДГА, фю 799, воп. 33, спр. 1465, арк. 10.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.