Засімавічы. Мікалаеўская царква
2013.08 Фота: Фёдарава Т.
Гістарычны агляд:

На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1811 г. з цэглы і бутавага каменю, адрамантавана ў 1864 г.'

   Помнік архітэктуры класіцызму. Кампактны прамавугольны ў плане аб'ём, які невялікім уступам пераходзіць у 3-гранную апсіду, накрыты 2-схільным гонтавым дахам з вальмамі над апсідай. Галоўны фасад дэкарыраваны руставанай тынкоўкай, завершаны трохвугольным вертыкальна ашаляваным фрвнтонам. Будынак апяразаны прафіляваным карнізам. З паўднёвага боку да апсіды далучана ромбападобная нізкая рызніца пад 1-схільным пакрыццём. Уваход арганізаваны праз нізкі драўляны прытвор. Зала храма асветлена бакавымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, апсіда — арачнымі.

 ' НГАб у г. Гродна, ф. 8, воп. 1, спр. 367, арк. 4; ф. 849, воп. 1, спр. 9.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.