Кобрын. Мікалаеўская царква
2008.11 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Кобрынская Мікалаеўская царква, помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1750-я гады за межамі Кобрына, на беразе ракі Мухавец, у 1841 годзе перавезена ў горад (вул. Камуністычная, 2), перабудавана з элементамі позняга класіцызму. Складаецца з асноўнага зруба, 5-граннай алтарнай апсіды і 4 чацверыковых аб’ёмаў, размешчаных па вуглах асноўнага зруба. Усе аб’ёмы накрыты агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вялікі 8-гранны светлавы барабан з купалам. Галоўны фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены 2 калонамі. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя. У інтэр’еры барабан купала з дапамогай ветразяў апіраецца на 4 калонкі ў цэнтры залы. Над уваходам хоры. У 1970-я гады супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР былі знойдзены драўляныя скульптуры, у тым ліку Святы Мікалай (перададзены ў музей старажытна-беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). У 1960-я гады царква закрыта, выкарыстоўвалася музеем імя Суворава як складское памяшканне, у 1989 вернута вернікам, адрамантавана. Помнік рэспубліканскага значэння.

“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 245.

На правым беразе р. Мухавец. Пабудавана ў 18 ст. (да 1750) з дрэва.

   Помнік народнага дойлідства. Чатырохсценны зруб з 5-граннай апсідай накрыты вальмавым дахам, завершаным па цэнтры магутным цыбулепадобным купалам на 8-гранным светлавым барабане, пастаўленым на нізкі чацвярык. Галоўны заходні фасад на ўсю вышыню вылучаны нішай з 2 калонамі. Вертыкальна ашаляваныя сцены расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

   Чатыры слупы ў інтэр'еры з дапамогай ветразяў падтрымліваюць барабан купала. Па 4 вуглах асноўнага аб'ёму — невялікія прыдзелы.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.