Лактышы. Мікалаеўская царква
2009.07 Фота Герасімені В.
Апісанне:

У вёсцы Лактышы ў 1792 годзе была пабудавана драўляная Мікалаеўская царква на месцы ранейшай, якая спарахнела. У 1864 годзе на сродкі казны была пабудавана новая, таксама з дрэва, а старая была разабрана.

Прыкладна з гэтага часу Лактышоўская Свята-Мікалаеўская царква стала з’яўляцца цэнтрам праваслаўнага прыхода. Згодна з Памятнай кніжкай за 1871 год да прыхода належалі яшчэ і дзве капліцы ў вёсках Нач і Міцкевічы. Да прыхода належалі: Лактышы, Навозы, Бурдзейкі, Галузы, Драбаўшчына, Стараселье, Заполье, Міцкевічы і Нач. На 1879 год прыход налічваў 1780 прыхаджан, сярод іх мужчынскага полу 875 душ, жаночага – 905. Амаль усе сяляне адносіліся да сялянскага саслоўя, сярод прыхаджан пісьменных было не болей чатырох працэнтаў. Лактышоўскай прыходскай царкве на той час належала каля сарака дзесяцін зямлі. З пабудоў мелася: для святара – дом, свіран, гумно, адрына; для псаломшчыка – толькі дом. Усе пабудовы былі ветхія.

У 1886 годзе на сродкі прыхаджан Лактышоўская Свята-Мікалаеўская царква была адрамантавана. Адпаведна Памятнай кніжцы 1901 года прыход налічваў 2373 прыхаджан, сярод іх мужчынскага полу 1171 душа, жаночага – 1202. Святаром на той час быў Ананій Дневіч, які закончыў курс Мінскай духоўнай семінарыі, працаваў святаром з 1889 года і меў набедранік. Псаломшчыкам быў Васіль Кунцэвіч, які навучаўся ў Мінскім духоўным вучылішчы. Пры царкве была прыходская школа, якая была пабудавана ў 1884 годзе, настаўнікам быў Міхаіл Лукашэвіч.

Царква была вырашана ў плане падоўжаным крыжам з купалам над гонтавым чырвонай афарбоўкай дахам. Сцены жоўтай афарбоўкі чляніліся радам аконных праёмаў. Мела два ўваходы. Унутры апсіда без рызніцы вылучалася старажытным дашчатым двух’ярусным іканастасам на трынаццаць абразоў.

http://www.gants-region.info/publ/vitalij_gerasimenja/khryscijanskija_svjatyni_gancawshchyny/chastka_trehcjaja_laktyshy_nach_guta_jasenec/13-1-0-105