Паставы. Мікалаеўская царква
2007.07
Гістарычны агляд:

ПАСТАВЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ Помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Пабудаваная ў 1894 г. на цэнтральнай плошчы г. Паставы з цэглы, атынкаваная. Асноўны прастакутны ў плане аб’ём храму выцягнуты па папярочнай восі. Да яго прымыкаюць закругленая апсіда, дадатковы аб’ём і бабінец з ганкам. Па баках апсіды і бабінца размешчаныя дапаможныя памяшканні. Асноўны аб’ём завершаны традыцыйным пяцігалоўем, бабінец — шатровай званіцай з галоўкай. У дэкоры фасадаў выкарыстаныя какошнікі, арнаментальныя паяскі, ліштвы, паўцыркульныя нішы. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. Царква дзейнічае.

Т.В. Габрусь http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

На цэнтральнай плошчы. Пабудавана ў 1894 г. з цэглы'. Першапачатковая драўляная аднайменная царква адзначана ў інвентары 1628 г.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Прасторавая кампазіцыя будуецца вакол цэнтральнага 2-яруснага кубападобнага аб'ёму з маляўнічым 5-купаллем у завяршэнні. Да яго праз прамавугольную трапезную далучаецца шатровая званіца з макаўкай, паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі. Далучаныя да цэнтральнага аб'ёму бакавыя прыдзелы завершаны дахамі-бочкамі і надаюць храму крыжовую форму. Атынкаваныя фасады дэкарыраваны зубчастымі фрызамі, кілепадобнымі ліштвамі арачных аконных праёмаў, лапаткамі, какошнікамі.

   Малітоўная зала, прыдзелы і апсіда перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі. У інтэг'еры апсіда вылучана драўляным іканастасам, выкананым у неарускім стылі: 1-ярусная пазалочаная плоскасць завершана цэнтральным цыбулепадобным купалам і бакавымі лучковымі купаламі. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы былога разабранага іканастаса, што вылучаў прастору апсіды: «Прабацька Аўраам» (1866), «Мацвей і Павел», «Пётр і Іаан», «Андрэй і Якаў», «Іуда з апосталамі», «Дзісус», «Спас» (мяжа 19 — 20 ст.), «Маці Божая з дзіцем», «Архангел Гаўрыіл», «Архангел Міхаіл», «Тайная вячэра» (усе 19 — 20 ст.). Над уваходам шырокай аркай раскрываюцца хоры з балюстраднай агароджай. Падлога выкладзена керамічнай пліткай.

 ' Торжество освящения Поставской церкви (Дисненского уезда Виленской губернии) // Литовские епархиальные ведомости. 22 мая сего 1894 г.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4