Станькава. Мікалаеўская царква
2015.06 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

Сённяшняя царква ў Станькава — пятая па ліку з тых, што стаялі на гэтым жа самым месцы. Ужо ў 1387 годзе маецца згадка, што тут была царква, а само мястэчка належала Вялікаму князю Вітаўту. Пазней Станькавам валодалі князі Радзівілы, графы Чапскія.

У 1852 годзе графам Эмерыкам Чапскім на месцы старой уніяцкай царквы быў закладзены новы храм. Будаваўся ён па праекце вядомага рускага архітэктара Канстанціна Тона (аўтара храма Хрыста Збаўцы, Крамлёўскага палаца ў Маскве). У Беларусі гэта адзіны храм па праекце гэтага дойліда. Былі затрачаны вялізныя сродкі — некалькі тысяч рублёў серабром. Шэсць гадоў ўзводзілася царква і 15 (28) жніўня 1858 года на свята Успення Святой Багародзіцы яна была асвечана Архіепіскапам Мінскай Епархіі Міхаілам (Галубовічам).

Існуе падземны калідор ад царквы да палаца Чапскіх, які захаваўся да нашага часу. Напалову затоплены, а напалову эксплуатуецца дзіцячым домам: яго выкарыстоўваюць як склад, захоўваюць там лыжы, санкі, бульбу, старую мэблю. У Станькаве засталося шмат тунэляў з часоў Радзівілаў. Чапскія гэту сістэму скарысталі, і фактычна кожны новы будынак стваралі над падземным ходам — так усе збудаванні аказаліся звязанымі: скарбніца, палац, царква, іншыя будынкі, нават пад альтанку ідзе падземны ход. Захаваліся старыя фотаздымкі, на якіх відаць гэтыя калідоры.

У пазнейшыя часы гісторыя станькаўскай царквы шчыльна звязана з жыццём і дзейнасцю святой Валянціны Мінскай.

Падчас аднаго з зімніх набажэнстваў 1936 года святара, яго жонку, чацвёра дзяцей, псаломшчыкаў, дыякана і ўсіх прыхаджан арыштавалі. Вясной 1937 года іх расстралялі (самаму малодшаму дзіцяці святара было меней за 4 гады). У той жа час з царквы скінулі крыж. За савецкім часам у храме сталі захоўваць збожжа, у ваенны час — зброю. Пры немцах спрабавалі аднавіць набажэнствы, аднак праз два тыдні тыя расстралялі святара за сувязь з партызанамі. Калі вайна скончылася, дах сталі разбіраць на будаўніцтва сельсавета і іншых калгасных пабудоў.

Вясной 1961 года з за таго, што храм «псуе пейзаж», было вырашана яго ўзарваць. Пасля трох выбухаў абрынуліся скляпенні, у бок возера ўпала званіца. Святыню знявечылі і забыліся на яе.

Руіны царквы стаялі 45 гадоў, чырвонай плямай адлюстроўваючыся ў возеры.

У 1972 годзе зноў спрабавалі разбурыць царкву, аднак мясцовыя жыхары сталі ў ачапленне і не далі нікому падысці да царквы.

Адраджаць храм пачалі толькі ў наш час. У 1997 годзе была арганізавана праваслаўная суполка, якая пачала рабіць спробы аднавіць царкву. У 2006 годзе было атрымана архіпастырскае бласлаўленне на аднаўленне станькаўскай царквы. Вясной таго ж года пачалася распрацоўка навуковай праектнай дакументацыі. А ўжо ўвосень быў атрыманы афіцыйны дазвол з Міністэрства культуры і ў сцяну храма была ўкладзена першая цаглінка.

У Станькаве праводзіцца акцыя «імянная цаглінка». Па меры ўзвядзення сцен на цаглінках запісваліся імёны тых, хто ахвяраваў грошы. Поўныя спісы людзей, якія ўнеслі свае сродкі ў аднаўленне, будуць змешчаны ў спецыяльную капсулу, якую перад самым заканчэннем работ замуруюць у храме. Цяпер за ўсіх гэтых людзей кожны дзень ідзе малітва.

Першая служба прайшла ў храме ўжо ў 2008 годзе.

Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца

   Размешчана ў цэнтры вёскі, на левым беразе р. Рапуса. Візітны запіс за 1714 г. сведчыць, што тут князем Радзівілам была пабудавана драўляная царква яшчэ да прыняцця уніі. Пазней на яе масцы была пабудавана Петра-Паўлаўская уніяцкая царква. У царкоўным архіве меліся 2 кнігі візітных запісаў з 1732 па 1832 г., пісаныя на польскай мове. Існуючыя руіны належаць мураванай Мікалаеўскай царкве, пабудаванай у 1858 г. ўладальнікам маёнтка графам Эмерыкам Чапскім пры дапамозе прыхаджан (на 1878 налічвалася прыхаджан 2040  мужчынскага і 2066 жаночага полу) '. Царква была пастаўлена на супрацьлеглым беразе ракі, насупраць графскага палаца, вырашанага з ёй ў адным архітэктурным стылі, што візуальна ўключала храм у агульны абшырны і маляўнічы палацава-паркавы ансамбль (захаваўся часткова). Пры царкве меліся 3 штатныя народныя вучалішчы, дзякуючы чаму амаль чвэрць насельніцтва прыхода была пісьменнай. Вядома мясцовая блажэнная Валянціна Мінская (Валянціна Фёдараўна Сулкоўская). Царкоўны пагост быў акаймаваны мураванай агароджай. У 1996 г. распрацаваны праект рэстаўрацыі храма (архітэктар У.Чарнатаў), у стане якой і знаходзіцца. Малітоўнае памяшканне прыхода ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца.

    Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускагага стылю. Адносіцца да тыпу крыжова-купальных храмаў з шатровай званіцай над франтонам і паўкруглай апсідай. Тры арачныя ўваходы былі аформлены манументальнымі парталамі, арачныя вокны — кілепадобнымі ліштвамі. У архітэктуры выкарыстаны какошнікавы парапет, закамары, кілепадобныя нішы, руставаныя лапаткі, аркатура.

   Асноўны кубападобны аб'ём быў перакрыты светлавым купалам, падтрыманым праз скляпеністыя ветразі 4 слупамі, бакавыя прыдзелы і трапезная — цыліндрычнымі скляпеннямі. Зала і апсіда асвятляліся арачнымі вокнамі. Апсіда была вылучана 3-ярусным дубовым іканастасам натуральнай тэкстуры і колеру; рамы 10 абразоў, карнізы, разьба, капітэлі калонак і пілястраў пазалочаныя. У царкве знаходзіўся вельмі шанаваны абраз «Свяціцель і цудатворац Мікалай», пісаны на палатне і пакрыты металічнай залачонай рызай.  Да каштоўных рэчаў начыння адносіліся поўны набор літургічных сярэбраных сасудаў (ахвяраваны маскоўскім грамадзянінам І.І. Чацверыковым) і сярэбраная чаша (ахвяравана ў 1778 Кунцэвічам).

 ' Беларускі праваслаўны каляндар. 1997. Мн., 1996. С. 108.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4