Старая Беліца. Мікалаеўская царква
2013.03 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

СТАРАЯ БЕЛІЦА. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ Помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. Пабудаваная ў 1710 г. у в. Старая Беліца (Гомельскі р-н). Храм трохзрубны, восевай кампазіцыі. Да цзнтральнага квадратнага (18х18 м) аб’ёму з захаду і ўсходу прылягаюць пяцігранная апсіда і бабінец. Усе аб’ёмы завершаныя фігурнымі галоўкамі на шасцігранных барабанах (цэнтральны — светлавы). Пачатковая кампазіцыя парушаная прыбудаванымі пазней тамбурамі — цэнтральным і двума бакавымі. Сцены складзеныя з брусоў, якія звонку вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Высока размешчаныя аконныя праёмы прастакутнай формы. Інтэр’ер мае трохчасткавае вырашэнне. Аб’ёмы злучаныя шырокімі арачнымі праёмамі. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

С.Г. Багласаў http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya

Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца

   У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1770-я гг. з дрэва.

   Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока. Вырашана 3-зрубнай падоўжна-восевай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Да цэнтральнага кубападобнага аб'ёму з захаду і ўсходу далучаюцца 8-гранныя прырубы апсіды і прытвора. Усе зрубы вертыкальна выцягнутыя і ўвянчаныя аднолькавымі фігурнымі купаламі на 8-гранных бварабанах; цэнтральны барабан светлавы. Пазней у 19 ст. прыбудаваны прытвор і бакавыя прыдзелы. Для архітэктуры храма характэрна скульптурная кампаноўка форм, выразная і рэльефная крапоўка вертыкальна ашаляваных сцен, расчлянёных высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

   Адпаведную экстэр'еру прасторавую развітасць мае і інтэр'ер храма, памяшканні якога злучаны шырокімі арачнымі прасветамі і перакрыты перамідальнымі скляпеннямі, апсіда вылучана драўляным разным іканастасам, над прытворам створаны хоры. Абразы 19 ст.: «Дзісус», «Святы Мікалай», «Тайная вячэра», «Хрыстос пакутуе», «Ціхан Задонскі», 2 кляймы царскіх варот.

   Унутры апсіду вылучаў 2-ярусны іканастас на 21 абраз. На 1-м ярусе званіцы створаны хоры. Другая званіца стаяла асобна сярод драўлянай агароджы.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4