- Гістарычны агляд:
Помнік дойлідства позняга барока. Касцёл узведзены ў 1780 г., у 1846 г. перабудаваны ў псеўдавізантыйскім стылі ў Мікалаеўскую царкву.
Будынак — трохнефавая мураваная базіліка з пяціграннай алтарнай апсідай. Галоўны фасад падзелены развітым антаблементам на тры ярусы. Сцены цэнтральнага нефу расчлянёныя пілястрамі, на галоўным фасадзе яны спараныя абапал высокага паўцыркульнага акна другога ярусу і галоўнага ўваходу на першым ярусе, па абодва бакі якіх тут размешчаныя неглыбокія нішы. Бакавыя фасады прарэзаныя высокімі аконнымі праёмамі, размешчанымі на двух узроўнях. Трэці ярус — невысокая вежа-званіца з купалком на васьмігранным барабане. Вокны галоўнага фасаду (з паўцыркульным і арачным завяршэннем) зашклёныя вітражамі. У тоўшчы сцяны галоўнага фасаду две вітыя лесвіцы, якія вядуць на званіцу. Бакавыя нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, цэнтральны — цыліндрычнымі з распалубкамі. На поўнач ад касцёлу асобна стаіць двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны корпус кляштару. Будынак вырашаны ў лаканічных формах: галоўны фасад (з уваходам у цэнтры) рытмічна прарэзаны прастакутнымі вокнамі. На паўднёвым тарцовым фасадзе вонкавая мураваная лесвіца, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам. Планіроўка калідорная. Перакрыты ў асноўным крыжовымі скляпеннямі.
Помнік рэспубліканскагага значэння.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл.
Кафедральны сабор у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца
На вул. Гродзенскай. Пабудаваны ў 1780 г. з цэглы як касцёл пры кляштары францысканцаў. У 1846 г. прыстасаваны пад праваслаўны сабор. Капітальна перабудаваны на сродкі прыхаджан пасля пажару 1852 г. 2-прастольны (у імя Свяціцеля Мікалая Цудатворца і святой велікамучаніцы Аляксандры).
Сабор — памнік архітэктуры позняга барока, пасля перабудовы набыў элементы руска-візантыйскага стылю. Прамавугольны ў плане будынак пераходзіць у 3-гранную апсіду. Галоўны фасад 3-ярусны: 2 ніжнія ярусы вылучаны шырокімі прафіляванымі карнізнымі паясамі. У цэнтры 1-га яруса галоўны ўваход, фланкіраваны спаранымі пілястрамі, абапал якіх размешчаны неглыбокія нішы. У цэнтры 2-га яруса над галоўным уваходам высокае паўцыркульнае акно, таксама абрамленае пілястрамі. Трэці ярус — невысокая вежа-званіца з арачнымі праёмамі — завершаны невысокім купалам на 8-гранным барабане. Сцены бакавых фасадаў прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, размешчанымі ў 2 ярусе.
Дзве пары слупоў падзяляюць унутраную прастору на 3-нефы, бакавыя перакрыты крыжовымі скляпеннямі, цэнтральны — цыліндрычным з распалубкамі. У тоўшчы сцяны галоўнага фасада размешчаны 2 вітыя лесвіцы, якія вядуць на званіцу. У 2-й палавіне 19 ст. створаны драўляны 2-ярусны ў 13 абразоў іканастас, на белым фоне якога вылучаюцца пазалочаныя элементы драўлянай разьбы (карнізы, рамы, арнамент, капітэлі). Абраз 18 ст. «Маці Божая Адзігітрыя».
Жылы корпус былога кляштара ўзведзены адначасова з касцёлам у стылі позняга барока. Мураванае 2-павярховае Г-падобнае ў плане збудаванне. Галоўны (усходні) падоўжаны фасад вырашаны ў простых лаканічных формах: плоская сцяна рытмічна прарэзана прамавугольнымі аконнымі праёмамі, у цэнтры — дзвярны праём. Па цэнтры тарцовага паўднёвага фасада з мансардай размешчана мураваная, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам лесвіца, якая вядзе на 2-і паверх. Частка фасада пад мансардай вылучана пілястрамі. Аднабаковы калідор арыентаваны на захад, да двара, жылыя памяшканні — на поўдзень. Калідор і жылыя памяшканні перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У заходняй частцы будынка некалькі пакояў з цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
- Адрас
- 231400 Гродзенская вобласць, г. Навагрудак, вул. Гродзенская, 4
- Тэлефон
- (01597) 2-39-50
- Епархія
- Навагрудская
- Благачынне
- Навагрудскае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- перапрафіляванне з храмаў іншых канфесій
- Тыпалогія храма
- сабор
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1780
- Стагоддзе пачатку будаўніцтва
- 18
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 18
2008-2024
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.