Брэст. Мікалаеўскі сабор
2008.05
Гістарычны агляд:

На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Пабудаваны ў 1856-79 гг. з цэглы паводле праекта архітэктара Д.І. Грыма.

Сродкі ў 30000 залатых чырвонцаў былі сабраны афіцэрамі брэсцкага гарнізона і вайсковым духавенствам. У 1919 г. перароблены пад гарнізонны касцёл св. Казіміра (паводле іншых звестак, Св.Троіцы) паводле праекта архітэктара Лісецкага, у 1928 г. перабудаваны намаганнямі ксяндза А. Мацяйкевіча. Храм цалкам страціў свой праваслаўны характар і «апрануўся» ў фасад, што нагадваў страчаны суседні касцёл аўгусцінцаў — ступеньчатая 3-нефавая аб'ёмная кампазіцыя з сігнатуркай над 2-схільным дахам, плоскасны фасад з фігурным ярусным шчытом. Храм зруйнаваны ў гады Вялікай Айчынай вайны. Да якой выкарыстоўваўся як гарнізонны клуб. У 1972 г. будынак закансерваваны і ўключаны ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». 22.6.1991 г. ўпершыню за пасляваенны час адбылося ўрачыстае набажэнства. У 1994 г. вернуты праваслаўным, адрэстаўрыраваны.

Помнік архітэктуры руска-візантыйскага стылю. Размяшчэнне храма на тэрыторыі абарончага збудавання не дазваляла яго вышынную трактоўку. Таму 3-нефавая базіліка, ступеньчатая кампазіцыя якой перакрыта цыліндрычнымі дахамі-бочкамі, атрымала прысадзісты характар. Складаецца з прамавугольнага ў плане асноўнага аб'ёму, завершанага магутным але нізкім паўсферычным купалам на 16-гранным барабане, да якога па падоўжнай восі далучана паўкруглая апсіда. Галоўны фасад у выглядзе паўкруглай аркі: 1-ы ярус вылучаны арачным уваходным парталам, 2-і — 5-пралётнай аркатурай, над якой размешчаны гадзіннік-куранты. Аналагічную трактоўку атрымалі тарцы бакавых прыдзелаў. Гарызантальную развітасць архітэктурнай кампазіцыі падкрэслівалі 3- і 5-часткавыя размежаваныя калонамі арачныя аконныя праёмы бакавых фасадаў. Вуглы храма крапаваны калонамі ў 3 ярусы. Крапоўку масіўных аб'ёмаў храма ўзбагачаюць закамары, аркатура, крыжы-нішы, зубчастыя фрызы, карнізы на сухарыках і інш. Унутры нефы размежаваны магутнымі аркадамі, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.