Магілёў. Мікалаеўскі сабор
2006.07
Гістарычны агляд:

Помнік дойлідства барока. Размешчаны ў пойме Дняпра (вул. 1-й Волі) на агароджанай тэрыторыі. Складаецца з шэрагу мураваных пабудоў: Мікалаеўскай і Ануфрыеўскай цэркваў, жылога дому (шпіталь), званіцы, агароджы з уязной брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 г. кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту Пятру Магіле на будаўніцтва ў Магілёве царквы Святога Мікалая. Спачатку была ўзведзеная драўляная царква і адначасова драўляныя манаскія келлі. Мураваная пабудаваная на месцы драўлянай у 1669—72 гг. Трохапсідная крыжова-купальная базіліка з васьмігранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Галоўны фасад падзелены карнізамі на тры гарызантальныя ярусы і завершаны дзвюма вежамі з фігурным франтонам паміж імі. Першы (ніжні) ярус — масіўны, аздоблены трыма паўцыркульнымі нішамі, другі аздоблены "глухой" аркатурай з ляпным раслінным арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у трэцім — такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкаратыўнай аздобай. Галоўны ўваход вылучаны васьмігранным тамбурам (позняя пабудова). Бакавыя фасады дэкарыраваныя высокімі пілястрамі, крылы трансепту завершаныя фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры два рады калон падзяляюць прастору на тры нефы. Цэнтральны неф і трансепт перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя нефы — крыжовымі. Над уваходам размешчаныя хоры. чатырох’ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) выкананы мясцовымі майстрамі. Скляпенні купала ўпрыгожаныя фрэскавай кампазіцыяй канца XVII ст. "Тройца новазапаветная", на ветразях выявы чатырох евангелістаў з сімваламі. Сюжэтныя сцэны на біблейскія і евангельскія тэмы, размешчаныя на двух узроўнях паміж аконнымі праёмамі барабана (збераглося 19 кампазіцый), створаныя ў 1-й палове XVIII ст. У алтарнай частцы — сюжэтны і арнаментальны жывапіс канца XVIII — пачатку XIX ст. Размалёўкі зробленыя ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі. Колеравая гама стрыманая светлая, цёплых тонаў; пераважаюць вохра з адценнямі, ружова-чорны, жоўта-карычневы колер з дамешкам зялёнага, блакітна-сіняга. Тыпаж простанародны, у сцены ўведзены скупы пейзаж. Размалёўкі сцен зберагліся часткова. Ануфрыеўская царква пабудаваная ў 1798 г. побач з Мікалаеўскай, з’яўляецца "цёплай" (зімовай). Уяўляе сабой крыжовакупальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепту завершаны трохкутнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў XVII ст. як шпіталь і царкоўны жылы дом. Аднапавярховы прастакутны ў плане будынак далучаны да паўдёвага боку агароджы. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны трыма спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будавалася ў XVII—XVIII стст. Уяўляе сабою мураваную глухую сцяну, якая абкружае трапецападобную тэрыторыю, дэкарыраваную аркатурным поясам, мае два уваходы (з захадняга і ўсходняга бакоў). Заходні — галоўная ўязная брама з лучковым праёмам. У паўднёва-ўсходнім баку агароджы ўбудаваная аднапавярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца ўзведзеная ў XVII—XVIII стст. у паўднёва-заходнім баку агароджы. Квадратнае ў плане двух’яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Першы чацверыковы ярус — глухі, грані дэкарыраваныя арачнымі нішамі, куты — пілястрамі, другі — шасцігранны, мае арачныя праёмы (праз адну на кожнай грані). Комплекс пашкоджаны ў ІІ Сусветную вайну, у 1981 г. скончаны знешнія рэстаўрацыйныя работы, завяршаюцца работы па аднаўленні манументальнага жывапісу ў інтэр’еры Мікалаеўскай царквы. Помнік рэспубліканскага значэння.

Т.І. Чарняўская http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod

Свята-Мікольскі жаночы манастыр

   На вул. 1-й Волі, у нізе ў пойме Дняпра, у раёне, што завецца Падміколлем. Пабудаваны ў 1669 — 72 гг. на месцы драўлянага заснаванага ў 1646 г. мітрапалітам Пятром Магілам. Складаецца з шэрагу мураваных пабудоў: Мікольскай і Ануфрыеўскай цэркваў, жылога дома (шпіталь), званіцы, агароджы з уязной брамай.

   З манастыром звязана вядомая ў хрысціянскім жыцці Беларусі асоба — кананізаваны праваслоўнай царквой архіепіскап магілёўскі і беларускі Георгій Каніскі, на ўшанаванне якога ў манастыры ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1768 г. кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі дазволіў будаўніцтва пры манастыры духоўнага вучылішча і заснаванне друкарні; Г.Каніскі перавёў класы духоўнай семінарыі ў манастыр, арганізаваў пры ім падрыхтоўчыю школу для семінарыі. Манастырскі корпус пашкоджаны ў Вялікую Айчыную вайну, у 1981 г. скончаны знешнія рэстаўрацыйныя работы, завершаны работы па аднаўленні манументальнага жывапісу ў інтэр'еры Мікалаеўскай царквы. Пасля рэстаўрацыі (1990) манастыр аднавіў сваю дзейнасць у 1991 г.

   Сабор у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца — загалоўны храм комплексу. Пабудаваны ў 1669 — 72 гг. з цэглы.

   Помнік архітэктуры барока. Трохнефавая крыжова-купальная базіліка з апсідай-трыконхам. Сяродкрыжжа завершана 8-гранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам і макаўкай у завяршэнні.Галоўны фасад падзелены карнізнымі паясамі на 3 ярусы і фланкіраваны 2-вежамі з фігурным франтонам паміж імі. Першы ярус на ўсю вышыню расчлянёны 3 арачнымі нішамі; 2-і і 3-і дэкарыраваны парнымі нішамі з гіркамі, аркатурай, пілястрамі з ляпным арнаментам. Уваход арганізаваны праз гранёны прытвор. Больш сціпла вырашаны бакавыя фасады, расчлянёныя пілястрамі. Крылы прыдзелаў і апсіда завершаны фігурнымі франтонамі, 2-ярусныя тымпаны якіх крапаваны аркатурамі. Аконныя праёмы арачныя і лучковыя.

   У інтэр'еры 3 пары магутных пілонаў падзяляюць храм на 3 нефы, цэнтральны з якіх перакрыты цыліндрычным, бакавыя -  крыжовымі скляпеннямі. Пры ўваходзе размешчаны хоры. У храме пастаўлены вялікі 3-ярусны драўляны іканастас сучаснай работы. У яго завяршэнні — абраз «Укрыжаванне». Абразы іканастаса і ярусы расчлянёны калонамі. Інтэр'ер храма ўпрыгожаны манументальным жывапісам. Самыя раннія фрэскі — кампазіцыя «Троіца новазапаветная» (на скляпенні купала) і выявы 4 евангелістаў з сімваламі (на вектразях) — датуюцца канцом 17 ст. Сцэны на евангельскія і біблейскія сюжэты размешчаны ў 2 ярусе паміж аконнымі праёмамі светлавога барабана (1-я палавіна 18 ст., захавалася 19 кампазіцый). У апсідзе невялікія сюжэтныя і арнаментальныя размалёўкі канца 18 — пачатку 19 ст. Абрызы: «Пётр, Павел і Саваоф», «Святыя велікамучанікі Назім і Алімпія», «Маці Божая Адзігітрыя», «Прарок Маісей» і «прарок Аўраам» (18 ст.), «Спас», «Святы Мікалай», «Маці Божая — бязгрэшнае зачацце», «Маці Божая Балезная» (19ст.). Існаваў абраз «Маці Божая Баркалабаўская» (копія абраза Баркалабаўскага Свята-Успенскага манастыра, шата 1781 майстра П.Сліжыка).

     Царква ў імя прападобнага Ануфрыя Вялікага пабудавана ў 1798 г. побач з Мікалаеўскай царквой, з'яўляецца «цёплай» (зімовай). Уяўляе сабой крыжова-купальны аб'ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі.

   Жылы корпус узведзены ў 17 ст. як шпіталь і прычтавы жылы дом. Аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак далучаны да паўднёвага боку агароджы. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 здвоенымі арачнымі нішамі.

   Агароджа з брамай будаваліся ў 17 — 18 ст. Мураваная глухая сцяна вакол трапецападобнай тэрыторыі манастыра. Дэкарыравана аркатурным поясам, мае 2 уваходы з заходняга і ўсходняга бакоў. Заходні — галоўная ўязная брама, вырашана арачным праездам, завершаным фігурным франтонам. У паўднёва-усходнім баку агароджы ўбудавана невялікая 1-ярусная чацверыковая шатровая вежа-капліца.

    Званіца ўзведзена ў 17 — 18 ст. у паўднёва-заходнім баку агароджы. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Першы чацверыковы ярус — глухі, грані дэкарыраваны нішамі, вуглы — пілястрамі, другі — 6-гранны, мае арачныя праёмы (праз адну на кожнай грані).

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.