Рамель. Міхайлаўская царква
2009.05
Гістарычны агляд:

РАМЕЛЬ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАІЛА Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў XVIII ст. (1762 г.) ў в. Рамель (Столінскі р-н). У 1905 г. з захаду да царквы далучаная трох’ярусная чацверыковая званіца, завершаная шатровым дахам з галоўкай. У яе ніжнім ярусе хоры на двух слупах. Царква двухзрубная, складаецца з амаль квадратнага ў плане асноўнага і пяціграннага алтарнага зрубаў, накрытых агульным вальмавым дахам. Вільчык даху з боку галоўнага фасаду прарэзаны глухім барабанам з галоўкай. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі і завершаныя простым карнізам з зубчастым падзорам. Інтэр’ер зальны з плоскай бэлечнай столлю. У 1989 г. царква аддадзеная вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння. Ю.А. Якімовіч http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya

Царква ў гонар архангела Міхаіла

   У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1762 г. з дрэва, рэстаўрыравана ў 1988 г.

   Помнік народнага дойлідства. Аснову храма складаюць квадратны зруб, аб'яднаны агульным вальмавым гонтавым дахам з 5-граннай апсідай. Дах над франтальнай вальмай завершаны 8-гранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай, над алтарнай — крыжом. Вертыкальна ашаляваныя сцены апяразаны карнізам з зубчастым падзорам, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. У 1905 г. з заходняга франтальнага фасада прыбудавана 3-ярусная чацверыковая зрубна-каркасная званіца, накрытая шатровым гонтавым дахам. У яе 1-м ярусе на 2 слупах створаны хоры, якія адкрыты ў перакрытую плоскай столлю малітоўную залу.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4