Чарэя. Міхайлаўская царква
2011.08 Фота: Друпаў А.
Гістарычны агляд:

Свята-Троіцкі манастыр (не існуе). Каля 1454 г. епіскапам Смаленскім Місаілам з роду князёў Пяструцкіх былі заснаваны Свята-Троіцкі храм і манастыр, якому епіскап “даў усіх людзей і сёлы свае”, што дасталіся яму ў спадчыну. Пасля смерці заснавальніка манастыр знаходзіўся пад патранатам роду Друцкіх-Бабічаў, а потым Сапегаў. Яны, паводле спадчыннага завяшчання, не маглі тут храмы “ўзводзіць ніякай веры, акрамя грэчаскай”. Леў Сапега, канцлер Вялікага княства Літоўскага, пабудаваў на беразе возера Галоўля новую мураваную царкву Свята Троіцы, вядомую як Белая царква і заснаваў пры ёй другі манастыр — Белацаркоўскі (1598). У 1599 г. манастыр, згодна з дакументамі, быў яшчэ багаты, добра ўпрыгожаны. Тут захоўваліся цудадзейная Чарэйская ікона Божай Маці, напрастольны крыж, замоўлены для манастыра Львом Сапегам у 1596 г. У 1601 г. ігумен манастыра інак Ісайя прыняў унію. У другой палове 17-га ст. манастыр збяднеў, у 1804 г. тут было толькі чатыры манахі. У 1836 г. скасаваны, царква дзейнічала як прыходская. У 1935 г. Свята-Троіцкая царква была закрыта, у 1938 г. стала збожжасховішчам. Цяпер знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі. Манастырскі комплекс не захаваўся. Зніклі ўсе абразы, у тым ліку і цудатворны вобраз Чарэйскай (Белацаркоўскай) Божай Маці. У Віцебскім царкоўна-археалагічным музеі захоўвалася шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1568 г. з Чарэйскага манастыра («Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». Книга 1. Вильна, 1910). Цяпер у Чарэі дзейнічае адрэстаўраваны прыходскі храм у гонар Святога Архангела Міхаіла (1604).

http://sppsobor.by/bractva/vilna/publish/belcalendar/9720/print/

Царква ў імя святога архангела Міхаіла

   У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1601 — 04 гг. з цэглы.

    Помнік архітэктуры ранняга барока. Вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам пад 2-схільным дахам, завершаным над алтарнай часткай 8-гранным барабанам з макаўкай, над фасадам — 4-граннай шатровай званічкай. Фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі прёмамі і пілястрамі ў прасценках і па вуглах.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4