- Гістарычны агляд:
ЧЭРСК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА I ЗВАНІЦА Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1701 г. у в. Чэрск (Берасцейскі р-н). Царква складаецца з квадратнага ў плане асноўнага зрубу, завершанага дахам з галоўкай, і больш вузкага зрубу з трохграннай алтарнай часткай, накрытага вальмавым дахам з галоўкай. Да галоўнага фасаду прыбудаваная веранда, каля алтару — рызніца. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя. Унутры асноўны зруб перакрыты корабавым скляпеннем, алтарны — плоскай столлю. Перад царквой стаіць зрубна-каркасная трох’ярусная званіца-брама. Ніжні ярус — чацверыковы зруб, ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, верхні — каркасны (таксама чацверыковы), завершаны шатровым дахам. Прамежкавы ярус вырашаны ў выглядзе развітага прычолку, які на заходнім і ўсходнім фасадах мае трапецападобныя вертыкальныя шчыты з чатырма арачнымі праёмамі і дэкаратыўнаю панеллю. Царква дзейнічае. Царква і званіца — помнікі рэспубліканскага значэння.
Ю.А. Якімовіч http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya
У цэнтры вёскі. Пабудавана са званіцай з дрэва на мяжы 17 — 18 ст. (да 1701), адноўлена ў 1860-я гг'.
Помнік архітэктуры барока. Асноўны кубападобны зруб пераходзіць у працяглую 5-гранную апсіду з бакавой рызніцай, раней накрытыя агульным гонтавым дахам з вальмамі па гранях апсіды. Асноўны аб'ём і апсіда былі завершаны фігурнымі барочнымі купаламі. У 19 ст. да галоўнага фасада дабудаваны непрапарцыянальна вялікі квадратны ў плане прытвор.
Малітоўная зала перакрыта корабавым скляпеннем старажытнай канструкцыі. Апсіда вылучана выкананым у 1830-я гг. драўляным разным іканастасам Абразы 18 — 19 ст.: «Ражджаство Іаана», «Спас Пантакратар», «Хрыстос у сілах», «Тайная вячэра», «Маці Божая Адзігітрыя», фератрон «Маці Божая Пачаеўская» і «Архангел Міхаіл», абразы апостальскага чыну іканастаса.
Асобна пастаўлена 3-ярусная званіца арыгінальнай вобразнай трактоўкі. Над ніжнім кубічным зрубам узведзены шырэйшы пірамідальны каркасны ярус-звон, раскрыты 4-пралётнай аркадай; над ім узвышаецца 3-і чацверыковы ярус з шатровым пакрыццём і макаўкай у завяршэнні.
' НГАБ у г. Гродна, ф. 1, воп. 19, спр. 1004, арк. 9 — 29 .
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
- Адрас
- 225022 Брэсцкая вобласць, Брэсцкі раён, в. Чэрск, вул. Цэнтральная, 37
- Епархія
- Брэсцкая
- Благачынне
- Брэсцкае раённае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходскі храм
- Стан храма
- дзейнічае
- Горадабудаўнічае рашэнне
- прыходскі комплекс
- Будаўнічы матэрыял сцен
- драўляны
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1701
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 18









2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.