Слуцк. Міхайлаўскі сабор
2006.07
Гістарычны агляд:

СЛУЦАК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА Помнік драўлянага дойлідства XVIII—XIX стаст. Пабудаваная ў г. Слуцаку ў традыцыях народнага дойлідства з элементамі стыляў барока і позняга класіцызму. Напачатку існавала як Канстанцінаўская царква ў Старым горадзе, у канцы XVIII ст. перанесеная ў прадмесце Выспа і пабудаваная на месцы разабранай у 1795 г. Міхайлаўскай царквы. Спачатку была двухзрубная, складалася з асноўнага аб’ёму і алтарнай апсіды, у канцы XIX ст. з захаду ад асноўнага аб’ёму прыбудаваная вежа-званіца. Царква яруснай кампазіцыі, складаецца з прастакутнага ў плане трохсветлавога асноўнага аб’ёму, алтарнай апсіды і званіцы. Асноўны аб’ём і апсіда апяразаныя па перыметры дзвюма глухімі прастакутнымі ў плане галерэямі. Асноўны аб’ём завершаны васьмерыком на чацверыку на заломах і ветразях, над апсідай чацверыковы верх. Над вярхамі складанай формы купалы, над якімі ўзвышаюцца цыбулепадобныя купалкі на глухіх васьмерыках. Трох’ярусная вежа-званіца (два ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні — чацвярык са зрэзанымі кутамі) завершаная шлемападобным купалам і шпілем на нізкім чацверыку са зрэзанымі кутамі. Царква звонку гарызантальна ашаляваная, вокны арачныя, прастакутныя і круглыя (у званіцы). Ярусы падзеленыя прычолкамі, ніжні ярус званіцы на трох фасадах завяршаюць трохкутныя франтоны, куты аздобленыя лапаткамі. Асноўны аб’ём раскрыты ў галерэю трыма шырокімі праёмамі і аддзелены ад апсіды разным іканастасам. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

Ю.А. Якімовіч http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya

Сабор уімя святога архангела Міхаіла

   На вул. Сацыялістычнай. Пабудаваны ў 2-й палавіне 18 ст. з дрэва. У 1812 г. разрабаваны французскімі войскамі. У 1990-я гг. храм стаў саборам.

   Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока. Складана-ярусную шматпланавую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю храма фарміруюць 3 паслядоўна размешчаныя па падоўжнай восі 3-ярусныя зрубы прытвора-званіцы (далучаны ў 19 ст.) і апсіды, 4-яруснага зруба малітоўнай залы. Аб'ёмы малітоўнай залы і апсіды акаймоўвае крытая 1- схільным дахам галерэя-гульбішча, якая складае іх ніжні ярус. Над кубападобным аб'ёмам прытвора, грані якога завершаны трохвугольнымі франтонамі, надбудаваны нізкі чацвярык з круглымі люкарнамі, вышэй — васьмярык яруса-звона з арачнымі праёмамі, накрыты самкнутым купалам, гранёны барабан якога завершаны востраканцовым шпілем з крыжом. Асноўны кубападобны зруб праз шырокі адліў пераходзіць у верхні чацверыковы ярус, над якім узведзены 8-гранны светлавы барабан, накрыты цыбулепадобным купалам з макаўкай на шыі ў завяршэнні. Аналагічную прасторавую пабудову, але без васьмерыка, мае і апсіда. Гарызантальна ашаляваныя фасады дэкарыраваны драўлянымі вуглавымі лапаткамі, ліштвамі арачных і прамавугольных аконных праёмаў, карнізам на дэнтыкулах (на верхнім ярусе званіцы). Усе канструкцыйныя і архітэктурна-мастацкія сродкі накіраваны на стварэнне рытмічнай і дынамічнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі.

   Унутры малітоўная зала развіта па вертыкалі ў падкупальную прастору светлавога барабана, якая абмежавана складанай бэлечна-ветразевай канструкцыяй. Апсіда з самкнутым гранёным скляпеннем вылучана драўляным 2-ярусным іканастасам. Над прытворам размешчаны хоры з драўлянай балюстраднай агароджай.

Капліца

   Перад Міхайлаўскім саборам. Пабудавана ў канцы 20 ст. з цэглы. Вырашана цэнтрычным 4-гранным аб'ёмам, накрытым пластычным шатровым купалам з макаўкай у завяршэнні. Пластычна выгнутыя грані збудавання прарэзаны адзінарнымі арачнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. На алтарнай грані выява Маі Божай з дзіцем.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4