Жалезніца. Пакроўская капліца
2013.06 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

Была размешчана за 1,5 вярсты ад вёскі, дзе пабудавана ў 1839 г. Царква з’яўлялася творам народнага драўлянага дойлідства, была вырашана 4-сценным зрубам з цыбулепадобнай галоўкай над гонтавым дахам. Драўляны іканастас меў 7 размешчаных у адзін рад абразоў маскоўскага пісьма. Адасоблена стаяла драўляная званіца з трыма званамі.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Гірмантаўцы, Сакаловічы, Агароднікі, Каўшы, Катмінаўцы, Дурневічы, Жабніцы, Цешаўле, Навінкі, Крутаўцы, Мордзічы, Шпакоўцы.

Настаяцелем храма ў 1879 годзе быў Мікалай Русецкі, рукапаложаны ў 1877 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Свята-Пакроўскай царквы вёскі Жалезніца: Мікалай Русецкі (1883-1902), Антоні Быкоўскі (1905-1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

Першае апісанне драўлянай Свята-Пакроўскай царквы вёскі Жалезніца змяшчаецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Царква была пабудавана па фундацыі паноў Шэметаў. Святаром прыходу быў Самуэль Далмацкі. Прыход аб’ядноўваў 1000 прыхаджан.

У апісанні 1864 года ў вёсцы Жалезніца згадваецца Свята-Пакроўская, чацьвёртага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1839 годзе прыхаджанамі. Пры царкве было 1951 прыхаджанін.

 

Царква была спалена 28 жніўня 1943 года.

З 1937 года набажэнствы ў царкве спраўляў протаіерэй Дзмітрый Герасімовіч.

У 2004 годзе па праекце архітэктара Леаніда Макарэвіча пачалося будаўніцтва капліцы на месцы спаленай царквы. Пачатак будаўніцтва асвяціў 18 красавіка 2004 года Яго Высокапрападобнасць Благачынны Баранавіцкай акругі протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі. 30 красавіка 2006 года ўзведзеную Свята-Пакроўскую капліцу-званіцу асвяціў Высокапраасвяшчэннейшы Стэфан, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі.

У сувязі з пажарам 28 жніўня 1943 года ў Свята-Пакроўскай царкве айцец Дзмітрый разам з аднавяскоўцамі выратаваў і перанёс царкоўнае начынне ў плябанію, у якой наступныя 17 гадоў адбываліся набажэнствы. На месцы, дзе стаяла плябанія Свята-Пакроўскай царквы, у якой жыў са сваёй сям’ёй з 1937 да 1960 года святар Дзмітрый Герасімовіч і дзе знаходзіўся алтар часовай царквы ўсталявана памятная каплічка.

 

Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 647.

«Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 – 1682 гг.» / Укладальнік Д.В.Лісейчыкаў. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2009. – 270 с., стар. 114-115.

Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.

Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.

 

Капліца-званіца ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

На могілках. Пабудавана ў 2006 г. з цэглы на месцы спаленай 30.3.1943 г. Пакроўскай царквы.

Вырашана цэнтрычным 4-гранным аб’ёмам, завершаным цыбулепадобным купалам на цыліндрычным барабане. Грані капліцы вырашаны арачнымі прасламі, прырэзанымі вузкімі аконнымі праёмамі.

 

Мемарыяльная капліцца.

Каля могілак. Пабудавана ў 2006 г. з цэглы на месцы дома святара, у якім пасля пажару Пакроўскай царквы была ўчынена хатняя часовая царква.

Вырашана цэнтрычным 4-гранным будынкам, узнятым на арачную платформу і завершаную шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Руставаныя па вуглах грані ў выглядзе кілепадобных закамар крапаваны арачнымі нішамі, запоўненымі іканаграфічнымі выявамі.

 

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – стар. 160.

 (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)