Баранавічы. Пакроўская царква
2007.06 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:
На вул. Куйбышава. Пабудаваны ў 1924—31 гг. з цэглы (архітэктар Альмінскі). Перад храмам крыніца, аформленая 3 цыліндрычнымі вежамі з цыбулепадобнымі купаламі. На саборны цвінтар вядзе 3-арачная брама. Прастольнае свята 1 кастрычніка (паводле старога стылю), якое святкуецца ў гонар перамогі Візантыі над сарацынамі ў 10 ст. пры дапамозе Божай Маці і мноства святых, якія распрасцерлі над хрысціянамі пакроў (амафор). Помнік архітэктуры неакласіцызму. Да кубападобнага асноўнага аб'ёму з усходняга боку далучаюцца 3 паўкруглыя апсіды, з захаду — вузкая трапезная, аб'яднаная з 4-граннай 3-яруснай званіцай, завершанай гранёным цыбулепадобным купалам са шпілем і дэкарыраванай па вуглах спаранымі калонамі. Цэнтральны аб'ём накрыты паўсферычным купалам з круглымі люкарнамі. Галоўны ўваход вылучаны паўцыркульнай аркай, паўночны і паўднёвы бакавыя ўваходы ўпрыгожаны манументальнымі 4-калоннымі порцікамі іанічнага ордэра. У насычаным дэкоры званіцы выкарыстаны вуглавыя адзінарныя і спараныя калоны, магутныя лапаткі, прафіляваныя карнізы. Прамавугольныя аконныя праёмы (дэкарыраваны каванымі кратамі) і нішы фасадаў акаймаваны прафіляванымі ліштвамі з 3-вугольнымі сандрыкамі. Паўкруглая апсіда фланкіравана чвэрцькруглымі рызніцамі са сферычным пакрыццём. Архітэктура храма ўпрыгожана мазаічнымі смальтавымі пано, выкананымі ў 1902—11 гг. для Свята-Аляксандра-Неўскага сабора ў Варшаве па кардонах мастакоў В. Васняцова, М. Бруні, М. Кашалёва, В. Думітрашкі. Пасля зруйнавання варшаўскага сабора ў 1926—27 гг. мазаікі перавезены ў Баранавічы. На сценах храма размешчаны мазаічныя кампазіцыі «Сабор архістратыга Міхаіла» (у тымпане франтона паўночнага порціка) і «Маці Божая з анёламі» (у інтэр'еры над паўднёвым уваходам, па кардонах мастака Думітрашкі), «Маці Божая з дзіцем» (у консе апсіды), фрагмент аграмаднай, на 1 тыс. м кампазіцыі В. Васняцова «Аб табе радуецца» (у тымпане франтона паўднёвага порціка), «Спас з данатарам» па кардонах мастака Кашалёва (на ёй увасоблены архітэктар Л. Бенуа, які трымае ў руках мадэль Варшаўскага сабора), «Отечествіе» і партрэт Сімяона Полацкага (выява ў поўны рост з разгорнутай кнігай і скруткам — сімвалы яго асветніцкай дзейнасці) работы А. Васняцова. Высокамастацкія мазаікі В. Васняцова — жаночыя твары казачных васняцоўскіх царэўнаў, падобныя на яго станковыя працы (знакамітыя «Алёнушка» і «Асілкі»). Мазаікі выконваліся ў пецярбургскай майстэрні У. А. Фралова, ён сам падбіраў склад смальты, гатаваў раствор і кіраваў мазаічнымі работамі. У яго майстэрні было не менш як 8000 розных адценняў смальты, што дазваляла перадаваць усю каляровую гаму арыгінала. У інтэр'еры храма 4 магутныя 8-гранныя слупы падтрымліваюць светлавы барабан, адкрыты ў перакрытую плоскай столлю малітоўную залу. 3-ярусны іканастас у неарускім стылі з разнымі царскімі варотамі і абразамі 19 — пачатку 20 ст.: «Ісус Хрыстос Дабравяшчальны», «Святы Лаўрэнцій», «Маці Божая з дзіцем», «Святы Стафан», «Спас з прадстаячымі», «Хрыстос са сфераю», «Дабравешчанне»; «Спас Пантакратар» (1-я палавіна 18 ст., перанесена з могілкавай царквы Аляксандра Неўскага). На паўднёвым слупе выява Іосіфа Волацкага, на паўночным — мітрапаліта Аляксія (абодва па кардонах Думітрашкі). Абраз у сярэбраным абкладзе «Маці Божая Жыровіцкая» (1847) і інш. Пад храмам размешчаны падвальныя памяшканні (саборная канцылярыя) з самастойнымі знешнімі ўваходамі, пад алтарнай часткай — рызніца. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі / А.М. Кулагін. – Энцыкл. даведнік. – Мінск: БелЭн, 2001. – 328 с., С.17-18 - - - Шэдэўрам беларускага неакласiцызму стаў баранавiцкi Свята-Пакроўскi сабор. Ён быў пастаўлены на працягу сямi гадоў, з 1924 па 1931 г. Асноўны аб’ём бажнiцы – чатырохслуповы ў плане куб з прымыкаючымi да яго трыма паўкруглымi апсiдамi, пакрыты вялiкiм (найбольшым па тым часе ў краi) купалам з шасцю круглымi люкарнамi па ўсiм дыямэтры, якiя наскрозь асвятляюць пакупальную прастору iнтэр’ера. Купал (у трэць сферы) сканструяваны ў дзве абалонкi, увянчаны шарам з крыжам. З заходняга боку, ад галоўнага фасада, працяглая, завужаная трапезная злучае асноўны аб’ём з квадратнай у плане трох’яруснай стромкай званiцай, якая заканчваецца чатырохгранным цыбулепадобным шатром з высокiм шпiлем. У сакавiтай пластыцы званiцы марфалагiчныя элементы класiцыстычнага дэкору трактаваны досыць вольна: кутавыя адзiнарныя i спараныя калёны, паўкалёны, лапаткi, прафiляваныя гзымсы ствараюць узаемаспарадкаваныя, але асобныя ў кожным ярусе рытмы. Галоўны ўваход вызначаны паўцыркульным тымпанам, шчыльна ўстаўленым памiж дзвюх паўкалон. Паўднёвы i паўночны фасады выдзяляюцца манументальнымi портыкамi, дэкараванымi моцна стылiзаваным iянiчным ордэрам. Яны, моцна вынесеныя за асноўны аб’ём, ствараюць надзвычай ўрачыстае афармленне бакавых уваходаў у бажнiцу, якiя адчыняюцца падчас найбольшых святаў. Атворы вокнаў i блэнды асноўнага аб’ёму, а таксама другога яруса званiцы аблямаваныя неглыбака прафiляванымi лiштвамi з трохкутнымi сандрыкамi. Асобна варта адзначыць, што гэтая бажнiца мае вялiзарныяскляпеннi ў цокальным паверсе, куды вядуць самастойныя бакавыя праходы. Яшчэ глыбей змешчана вялiкая крыпта, а пад алтаром i рызнiца. Гэтыя скляпеннi нагадваюць пра катакомбныя традыцыi ранняга хрысцiянства. Будаўнiцтва сабора перацярпела шэраг iстотных змен. Першапачаткова планавалася ўзвесцi невялiкую драўляную царкву па праекце архiтэктара Ежы Жаландкоўскага. Па яго ж праекце быў пабудаваны зусiм побач Крыжаўзвядзенскi касцёл. Гэты драўляны касцёл, размешчаны па дыяганалi за колькi дзесяткаў метраў ад Пакроўскага сабора, уяўляе сабой даволi зграбную фантазiю на тэмы народнага беларускага дойлiдства, готыкi i барока. Пастаўленая непадалёк драўляная ж царква павiнна была адлюстроўваць нейкую iдэйную праграму. Напрыклад – спалучаць беларускiя i ўсходнiя, вiзантыйскiя, матывы. Але у той самы час урад Польшчы вырашыў знесцi ў цэнтры Варшавы расiйскi кафедральны сабор Аляксандра Неўскага, якi ўвасабляў сабой трыумф Расiйскай iмперыi над Польшчай. Гэтая каласальная бажнiца ў псеўдарускiм стылi была пабудавана ў 1902 г. па праекце славутага пецярбурскага архiтэктара Лявонцiя Бенуа (якi ў той самы час пабудаваў у Пецярбургу неараманскi касцёл у Ковенскiм завулку). У 1923 г. было вырашана яго лiквiдаваць. Але перад польскiмi ўладамi паўстала праблема: як захаваць унiкальныя мазаiкi з гэтага сабора. Буйныя мазаiчныя пано для варшаўскага сабора былi выкананы ў Пецярбургу, у буйнейшай у тыя часы мазаiчнай майстэрнi В. Фралова. Мазаiкi былi выкананыя паводле кардонаў i пад кiраўнiцтвам славутых расiйскiх мастакоў: М. Брунi, В. Васняцова, М. Кошалева i В. Думiтрашкi. Iх выраб адбываўся паэтапна, спачатку ў тэхнiцы адваротнага набору (наклейваннена кардон вонкавым бокам кавалачкаў смальты), а пасля простага (мантаж на бетон), ужо ў самой Варшаве. Унiкальны мастацкi твор вырашана было закансерваваць, зняўшы са сцен сабора. Для iх размяшчэння спатрэбiлася iншае прыдатнае месца. Выбар выпаў на Баранавiчы, дзе па патрабаваннi праваслаўнага клiру было вырашана пабудаваць бажнiцу выключных памераў (з улiкамi на веравызнанне большасцi тутэйшага люду). Першапачаткова новая бажнiца была задумана як паменшаная копiя знесенага сабора ў Варшаве. Прыступiлi да работы. Але, на шчасце, ад гэтай iдэi адмовiлiся. Ад першага праекта засталiся толькi вялiкiя падземныя i цокальныя памяшканнi. Да новага праекта спрычынiўся архiтэктар Станiслаў Фiлiсевiч. Творчае крэда Фiлiсевiча можна вымоўна зразумець, пазнаёмiўшыся з яго будынкамi банкаў, якiя збераглiся дасёння – у Брэсце (1926 г.) i ў тых жа Баранавiчах (1932 г.). У яго творчасцi выкарыстанне матываў позняга класiцызму спалучаецца з iншымi стылёвымi запазычаннямi, нагадваючы эклектызм XIX ст. Аднак свабодная, элегантная iнтэрпрэтацыя рэтраспектыўных элементаў, арыгiнальнасць кампазiцыйных прыёмаў, а таксама простае абыходжанне з найноўшымi матэрыяламi (сталь, бетон, шкло) сведчаць пра яго мадэрнасць. Напрыклад, брэсцкі банк уяўляе сабою трохпавярховы корпус з высокiм цокальным паверхам, якi складаецца з двух узаемаперпендыкулярных крылаў, злучаных аб’ёмам у выглядзе дамiнуючай над ўсiм гмахам ратонды са сферычным купалам. Кампазiцыйны акцэнт створаны на зарыентаваных на цэнтральную вулiцу i плошчу аб’ёмах, сцены якiх падзелены пiлястрамiз iянiчнымi капiтэлямi i трохчвэрцевымi калoнамi. Дзякуючы дакладнай, халоднай i здробненай трактоўцы вонкавага дэкору, асаблiва калi зважаць на магутны атык, будынак стварае ўражанне манумeнтальнасцi, асаблiвай значнасцi, што трапна адпавядае прызначэнню будынка. Няцяжка заўважыць, колькi элементаў кампазiцыi i дэкору перанёс на гэты будынак Фiлiсевiч з праeкта Пакроўскага сабора: скрыжаванне аб’ёмаў, ратонда з купалам, адвольна скампанаваны лёгкi iянiчны ордэр. Шукаць стылiстычных аналaгаў Пакроўскаму сабору ўсё ж бессэнсоўна. Па-першае, у тыя гады, бадай, толькi на Заходняй Беларусi былi магчымасцi разгарнуць такiя работы для пабудовы праваслаўнага храма. Па-другое, спeцыфiчныя задачы (экспанаваць ацалелыя мазаiкi) вымагалi ад будаўнiкоў i спeцыфiчных архiтэктурных прыёмаў. На працягу 1926–1927 гг. карпатлiва закансерваваныя мазаiкi былi перавезены з Варшавы ў Баранавiчы. Зробленыя ў сталiцы Расii, адслужыўшы сваё ў сталiцы Польшчы, гэтыя шэдэўры мазаiчнага рамяства знайшлi прыстанак у Беларусi. Мазаiка В. Васняцова «Мацi Божая з малым Хрыстом», фрагмент некалi вялiкай кампазiцыi «Пра цябе радуемся», змешчана ў канцы апсiды, у алтарнай частцы. Мазаiка «Спас з данатарам», у тымпане франтона паўднёвага портыка, i «Дэiсус», у портыку з поўначы, выраблены па кардонах М. Кошалева. «Данатар» на каленях перад Хрыстом – партрэт архiтэктара Бенуа з мадэллю варшаўскага сабора ў далонях. Па кардонах акадэмiка М. Брунi зробленыя мазаiкi «Мацi Божая з анёлам» (у iнтэр’еры над паўднёвым уваходам), а таксама фрагмент кампазiцыi «Сабор архiстрацiга Мiхаiла» (у тымпане паўночнага портыка). У iнтэр’еры сабораёсць таксама яшчэ дзве мазаiкi В. Думiтрашкi: на паўночным стаўпе – выява мiтрапалiта Алексiя, на паўднёвым – Iосiфа Валоцкага. Мастацтва мазаiкi было фактычна невядомае ў Беларусi да ХХ ст. Яго з’яўленне ў нашым краi – частка культурнiцкага экспарту з Расii. Цi то гэта тычыцца мазаiкi на фасадзе каплiцы-пахавальнi Святаполк-Мiрскiх у Мiры (таксама з майстэрнi Фралова), цi то на Кафедральным саборы ў Мiнску, дзесяць гадоў таму прывезенай з Масквы, гэта ўсё ж толькi экспарт. Але сваiмi маштабамi мазаiчны цыкл у Баранавiчах не мае сабе роўных у Беларусi (i не толькi), таксама ж як i сам праект – пабудаваць для ўжо iснуючых мастацкiх работ спецыяльны сабор. У iнтэр’еры Пакроўскага сабора збярогся таксама адзiн з найбольшых у Беларусi iканастасаў. Выкананы ў псеўдавiзантыйскiм духу памiж 1929–1930 гг., ён быў адмыслова прызначаны для абразоў з варшаўскага сабора. Абразы, напiсаныя i ў акадэмiчнай манеры, i ў «рускай», уяўляюць сабой унiкальныя ўзоры афiцыйнага мастацтва, якiя выканалi класiкi расiйскага жывапiсу: Васняцоў, Брунi, Урубель. Сярод усёй архiтэктуры Беларусi Пакроўскi сабор у Баранавiчах застаўся найбуйнейшым помнiкам неакласiцызму i самай значнай сакральнай пабудовай ХХ ст., давершанай ў 1932 г. Харэўскі, С. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915–1940 гг. / С. Харэўскі. – Вільня : ЕГУ, 2008. – С.36–40