Буховічы. Пакроўская царква
2013.05 Фота: Фёдарава Т.
Гістарычны агляд:

На паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1674 г. з цэглы і дрэва манахамі-дамініканцамі як касцёл Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі па фундацыі Пухальскіх'. У 1832 г. касцёл перададзены праваслаўным. Перабудоўваўся ў 1862 г. і 1870 г. падрадчыкам Сідароўскім па даручэнні мітрапаліта Літоўскага і Віленскага'', у 1877 г. – архітэктарамі Барташэўскім і Увядзенскім. 24.6.1881 г. царква асвячона пасля чарговага капітальнага рамонту.

Помнік архітэктуры барока. У 1889 г. да прамавугольнага ў плане будынка пад вальмавым дахам прыбудавана 3-ярусная званіца (верхні ярус — драўляны шатровы васьмярык), адноўлены дах і надбудавана вежа з цыбулепадобным купалам над апсідай. Гэта прыўнесла ў архітэктуру барочнага храма рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. Трохчасткавую кампазіцыю храма складаюць прамавугольныя ў плане асноўны аб'ём і апсіда з рызніцай, накрытыя вальмавымі дахамі. Вуглы храма ўмацаваны контрафорсамі. Уваход фланкіруюць 2 магутныя пілоны з паўкруглымі нішамі-конхамі.

Унутраная прастора перакрыта бэлечнай столлю з трохвугольнай формай па цэнтры, драўляным разным іканастасам (спраектаваны ў 1877 архітэктарам  Розенам)''' падзелена на малітоўную залу і апсіду ў агульных габарытах асноўнага аб'ёму. У апсідзе знаходзіцца абраз-таблетка 18 ст. «Спас з дзяржавай» і на адвароце «Маці Божая Адзігітрыя».

---------------------

'??????

'' НГАБ у г. Гродна, ф. 97, воп. 97, воп. 1, спр. 276, арк. 1 -39.

 

'''НГАб у г. Гродна, ф. 97, воп. 1, спр. 276, арк. 44.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.